Такога няма нідзе: як у Маркавічах ладзілі веснавы абрад "Ваджэнне сулы"
24.04.2014 12:36
—
Новости Культуры
На другі дзень Вялікадня ў вёсцы Маркавічы Гомельскага раёна традыцыйна ладзіцца цікавы веснавы абрад "Ваджэнне сулы".
Традыцыю "Ваджэння сулы" аднавілі восем гадоў таму педагогі мясцовай школы. Менавіта школа цяпер - захавальніца народных фальклорных традыцый і святаў у Гомельскім раёне. Апроч "Сулы" тут адроджаны Гуканне вясны, Калядкі, Беларускія вячоркі. Заснаваны свой краязнаўчы музей, дзе сабраны нацыянальныя строі, ручнікі, прадметы побыту вяскоўцаў паўднёва-ўсходняй часткі Беларусі.
Блізу поўдня ў Маркавічы з'ехалася багата школьнікаў з іншых вёсак - Новай Гуты, Глыбоцкага, Чарацянкі.
- Сула святкуецца на другі дзень Вялікадня, святкуецца як абуджэнне прыроды, надыход вясны, - гаворыць настаўніца пачатковых класаў Глыбоцкай школы Настасся Бакавец. - Калі мы ходзім па вёсцы, то просім у песнях ураджаю, багацця. Я шосты год працую ў Глыбоцкім, і шосты год мы прыязджаем сюды на свята.
Маркаўскія школьнікі ў нацыянальных строях і госці з веснавымі песнямі дзвюма плынямі рушылі ў пачатак вёскі.
Як ішла Сула, дай уздоўж сяла,
Ой, і я велю, дай уздоўж сяла.
На ўездзе ў вёску дзве плыні сустрэліся і завялі першага танка - закружыліся ў карагодзе вакол трох маленькіх дзяўчатак.
Чарнабрывы каралёк край гарода ходзіць,
Чарнабрывы каралёк, калі ласка, у гарадок.
Чарнабрывы каралёк, у бокі вазьміся,
Чарнабрывы каралёк, нізка пакланіся.
Водзячы карагод, старэйшыя дзяўчаты пачаргова падхопліваюць маленькіх дзяўчатак пад рукі, паднімаюць уверх і зычаць: "Здаровенькая, высокая расці!"
Як на нашай вуліцы дзеўкі танка вадзілі,
Ой, люлі.
Прыскакаў хлопец на коніку, дай ухваціў дзеўчыну,
Ой, люлі.
Дай ухваціў дзеўчыну да за русу косаньку,
Ой, люлі.
Праз веснавыя абрадавыя песні ўслаўляюцца жыватворныя сілы прыроды, гучыць просьба да нябёсаў: "Штоб у нас усё радзіла і маланка нас не біла".
Грамада з песнямі і танцамі ідзе ў цэнтр вёскі. На скрыжаваннях спыняецца і заводзіць чарговага танка. Кола яго прыкметна пашыраецца, бо да карагоду далучаюцца госці і некаторыя мясцовыя дзяўчаты.
Вяскоўка Зінаіда Кушнярова таксама прыйшла на "Сулу". У сярэдзіне сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя тутэйшыя камуністы забаранілі абрад. Кажуць, тады старшыня калгасу нават сцябаў людзей пугай, каб не вадзілі "Сулу", а ішлі працаваць.
Першым адраджаць "Сулу" пры падтрымцы дырэкцыі школы стаў колішні настаўнік спеваў і харэаграфіі Рыгор Басаў, ураджэнец суседняй вёскі Гадзічы.
- У школе працаваў Басаў Рыгор Ціханавіч, - распавядае Зінаіда Кушнярова. - Ягоная маці, бабуля ўсё гэта рабілі. Ён распытаў, разузнаў, падхваціў і ў школу прынёс. Нас сабраў, развучыў. Мы ў Гадзічы ездзілі да тамтэйшых бабуль, да яго маці. Яны песні нам старынныя прыгадвалі - пра таго ж танка, пра "Чарнабрывы каралёк". Гэта ўсё ад кабет сталага веку ўзялі.
Зрабіўшы ладны круг па вясковых вуліцах, "Сула" заварочвае ў школу, дзе яе сустракаюць дзяўчаты з велікоднымі пірагамі на ручніках і вітаннем: "Хрыстос уваскрос!"
Дзяўчаты запрашаюць школьнікаў да велікоднага стала, накрытага на школьным двары. Тут велікодныя пірагі, фарбаваныя яйкі, сок.
А наперадзе - яшчэ святочны канцэрт, гульні, майстар-клас народных танцаў ад маладога мясцовага музыкі Віктара Шыпкова. Ён студэнт міліцэйскай акадэміі і пры тым дужа адданы свайму роднаму краю, мясцовым народным традыцыям:
- Я выступаў за тое, каб сёлета правесці "Сулу", няхай і з нейкімі нязначнымі зменамі, але так, як яна рабілася здавён. Калі паглядзець вунь туды, дзе вёсачка Гадзічава. Яе край - кіламетры тры ад нас. А вось тут у нас стаіць царква. І калі ў царкве службу правялі, то бабулі, ідучы дадому, клалі свае рэчы і ішлі ў канец вёскі. І заводзілі там у лузе танка. Дзетак ставілі ў круг, спявалі абрадавыя песні. І вялі ўжо гэтую "Сулу" праз вось гэтае скрыжаванне ў канец нашай вёскі. Паперадзе - гарманісты, балалаечнікі, хлопцы з бубнамі, аматары частушак. Калі палічыць, то больш як сем кіламетраў яны ішлі.
Мясцовая настаўніца Марыя Герасенка кажа, што "Ваджэнне сулы" пераклікаецца з "Ваджэннем стралы" - абрадам, які адзначаюць у Веткаўскім раёне:
- У нас - "Сула". Магчыма, ад слова "суліца" - меч, наканечнік стралы. Гэта паганскае свята перад надыходам лета скіравана на падвышэнне ўрадлівасці зямлі. Людзі як бы заручаліся падтрымкай багоў, каб быў добры ўраджай, каб не біў гром і не было пажараў. Такія вось сялянскія абрады. Звычайна, калі традыцыя нейкая старэйшымі забываецца, то яна пераходзіць да дзяцей. На жаль, аддзел культуры гэтым не займаецца. Хоць гэта яго святы абавязак. Справа аддзела культуры, мясцовых устаноў культуры - прыцягваць мясцовае насельніцтва, людзей, якія памятаюць такія абрады і бралі ўдзел у іх яшчэ ў маладосці.