«Паўлінка» для Труфальдзіна
Стэфанія Станюта, Расціслаў Янкоўскі, Генадзь Аўсянікаў, Наталля Гайда… Цяпер побач з гэтымі майстрамі сцэны будзе стаяць і народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс: днямі ён атрымаў «Крыштальную Паўлінку».
Для акцёра Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа гэты год знакавы. Сёлета ён адзначыць уласнае 80-годдзе і 55-годдзе творчай дзейнасці.
— Абяцаць штосьці на будучае ў такім узросце ўжо вельмі цяжка, — шчыра і з самаіроні-яй сказаў майстар. — Дзякуй, што калегі заўважылі маё яркае і таленавітае жыццё ў тэатры, як гэта пазначана на «Крыштальнай Паўлінцы». Сапраўды, абяцаць не магу, а так хочацца…
У творчай біяграфіі акцёра шмат выдатных спектакляў: галоўныя ролі ў «Сымоне-музыку», «Жаніцьбе», «Слугу двух гаспадароў» і іншых. У савецкія часы яго часта запрашалі ў кіно, Кокштыс здымаўся ў «Зорцы Венеры», «Маленькім байцы», «Палескай хроніцы» і іншых стужках.
Яшчэ адну ўзнагароду ад Саюза тэатральных дзеячаў — «Крыштальную зорку» атрымала рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Валянціна Еранькова. У іншых катэгорыях адзначаны акцёр Беларускага тэатра лялек Аляксандр Казакоў, дырэктар Брэсцкага тэатра лялек Міхась Шавель і артыст Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Аляксандр Гелах.
Шмат тэатральных дзеячаў атрымалі ўзнагароды і ад Міністэрства культуры. Але галоўная падзея — Нацыянальная тэатральная прэмія — яшчэ наперадзе. Яна адбудзецца восенню і пасля двухгадовага перапынку абяцае шмат цікавага.