Як знайсці мільярд па дарозе на Браслаў?...
Яно вядома, гарадскому жыхару хочацца хутчэй дабрацца да прыроды. Але ёсць і іншая прычына. Пачынаючы ад Бягомля і да самага Браслава няма дзе і прыткнуцца, за выключэннем невялікага прыдарожнага кафэ на кальцавой каля Глыбокага.
Вялікія спадзяванні ў вадзіцеляў, і асабліва дальнабойшчыкаў, закраліся, калі год сем-восем таму перад Шаркаўшчынай пачалося будаўніцтва цэлага прыдарожнага комплексу з жыллём, гасцявым домам, лазняй. З гэтага гістарычнага выпадку тут быў праведзены ці то абласны, ці то нават рэспубліканскі семінар, на якім сам міністр спорту распавядаў, як тут будзе шыкоўна. Само месца што значыць: міжнародная траса на Даўгаўпілс і Рыгу. Дальнабойшчыкі ідуць цугам, і валюту лапатай можна будзе грэбці.
Адзін з тутэйшых начальнікаў тады нясмела запярэчыў міністру, маўляў, каб узвесці дадзены аб’ект, патрэбна нямала грошай, якіх у гаспадара, ААТ «Даватарскі», кот наплакаў. Міністр прылюдна абяцаў дапамагчы.
Што здарылася потым, сказаць цяжка, але ў «Даватарскім» той дапамогі так і не дачакаліся.
— Мы кожны год нешта робім на гэтай будоўлі, але нашы фінансавыя магчымасці надта абмяжаваныя, — назвала старую прычыну бухгалтар гаспадаркі Ірына Ардынская. — Хацелі перадаць комплекс іншай арганізацыі, але не ўдалося.
Тады аб’ект прыдарожнага сервісу вырашылі «выцягваць» усім раёнам. На ім арганізавалі нават суботнікі. Чарговы — у бліжэйшыя выхадныя — збярэ каля трох дзясяткаў чалавек.
Намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Аляксандр Далецкі, які вядзе пытанні эканомікі, абмаляваў сітуацыю наступным чынам:
— На сёння фактычна гатовыя пляцоўка для стаянкі машын і лазня. Пафарбаваны дахі дамоў. Нарыхтаваны піламатэрыялы на падлогу, зроблены заказ на вокны. Ёсць агароджа, дзе будуць утрымлівацца дзікія жывёлы, касулі.
Комплекс запланавана здаць у гэтым годзе. Для яго завяршэння патрабуецца звыш мільярда рублёў. Іх пакуль што няма. І таму шаркаўшчане не будуць супраць, калі для гэтай перспектыўнай будоўлі з’явіцца спонсар.
«Беляі» — другі аб’ект прыдарожнага сервісу ў Шаркаўшчынскім раёне. Лёс першага, у вёсцы Буяўшчына, таксама па дарозе на Браслаў і Рыгу, шчаслівейшы. Там ужо працуюць крама і кафэ. Ёсць «Дом пастаяльца». Засталося добраўпарадкаваць тэрыторыю.
Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»