Упершыню прайшоў конкурс беларускай песні “Зорачкi “Надзеi”
Вікторыя Саванец. Фота забяспечана Таццянай Майсак.
Конкурс беларускай песні “Зорачкi “Надзеi” адбыўся 15 сакавіка.Прымаў яго дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Надзея” на Вілейшчыне. Праходзіў конкурс упершыню. Прымеркавалі яго да 20-годдзя з дня адкрыцця гэтай установы.
У конкурсе прымалі ўдзел дзеці з Валожынскага раёна і Гомельскай вобласці, якія адпачываюць у цэнтры. А яшчэ – навучэнцы з Вілейскага раёна.
– Выконвалі яны песні як народныя, напрыклад з “Гукання вясны”, так і сучасныя – і ўсе, вядома, на беларускай мове. Сярод іх былі песні, аўтары якіх – з Вілейшчыны, – распавяла вядучы спецыяліст па сувязях з грамадскасцю “Надзеі” Таццяна Майсак. – Прыемна тое, што нароўні з калектывамі і выканаўцамі, якія ўжо дабіваліся поспехаў у розных конкурсах, удзельнічалі дзеці, для якіх падобнае мерапрыемства было ўпершыню.
Віталь Рогач
А перад пачаткам конкурсу перад удзельнікамі і гледачамі выступілі навучэнцы Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага.
Хто ж перамог?
Выступленні ўдзельнікаў ацэньвала аўтарытэтнае журы.
Лаўрэатамі конкурсу беларускай песні “Зорачкі “Надзеі” сталі.
У намінацыі “Вакал. Сола”: Вікторыя Саванец з Вілейскай гімназія № 1 “Логас” (ўзроставая катэгорыя 6-9 год), Віталь Рогач з Вілейскай школы мастацтваў (10-13 год). А сярод выканаўцаў 14-17 год – Ангеліна Таўстыка (СШ №5 Вілейкі).
Ангеліна Таўстыка
У намінацыі “Дуэт. Вакальная група” лаўрэата не вызначылі.
Дыплом першай ступені заваявала ўзорная эстрадная студыя “Экспромт” Вілейскай школы мастацтваў. Дыплом другой ступені – у народнага аматарскага калектыву эстраднай студыі аўтарскай песні “Імпэт” Ільянскай СШ імя Адама Грымаця. Дуэт Алены Анціпавай і Валерыі Паўлоўскай з Чурленскага сада-школы атрымаў Дыплом трэцяй ступені.
Экспромт
– Пераможцам уручылі адпаведныя Дыпломы і памятныя сувеніры ад спонсараў конкурсу, – паведаміла Таццяна Майсак. – Імі сталі філіял Вілейскага хлебазавода, Вілейскі філіял Маладзечанскага малочнага камбінату, воінская часць №52242 (вёска Краснае Маладзечанскага раёна), сетка супермаркетаў для дзяцей “Буслік”, грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”, турыстычная кампанія “Солвекс”, выдавецтва "Рыфтур”.