Са слязамі на вачах
Са слязамі на вачах кітайскія гледачы прымалі спектаклі Купалаўскага тэатра
Трупа Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы вярнулася з Кітая. Купалаўцы адкрывалі Пекінскі вясновы тэатральны фестываль. На сцэне Народнага мастацкага тэатра Пекіна былі прадстаўлены два спектаклі: «Вяселле» па А. Чэхаву і «Не мой» па А. Адамовічу. Іх паказвалі тройчы. Кожны раз тысячная зала была запоўнена цалкам.
Народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова, выканаўца галоўнай ролі ў «Вяселлі», проста зачаравана Паднябеснай і яе жыхарамі:
— Спектаклі вельмі цёпла прымалі. Дзякуючы субтытрам на кітайскай мове нас зразумелі. Падалося, што кітайцам падабаецца Чэхаў. Іх зацікавіла «купалаўская» інтэрпрэтацыя п’есы. Кожны раз, як я кідала букет у зал, публіка ўставала, шчыра апладзіравала.
Дарэчы, больш за ўсё ў «Вяселлі» кітайцаў здзівілі музыка і танцы: у іх нацыянальным тэатры такога не ўбачыш.
— У спектаклі «Не мой» гледачы адразу былі зачараваны цудоўнымі дэкарацыямі нашага мастака Барыса Герлавана, — дзеліцца сваімі ўражаннямі актрыса Ірына Рымарава. — Пасля, калі зразумелі сутнасць дзеянняў, некаторыя нават плакалі.