Паэтка са Смаргоні Таня Скарынкіна прэзентуе сваю кнігу ў Мінску
Фота lit-bel.org.
У Сусветны дзень паэзіі, 21 сакавіка, Таня Скарынкіна прэзентуе свой паэтычны зборнік “Кніга для чытання не ў памяшканнях і ў памяшканнях” у кнігарні “логвінаЎ”.Дэбютны зборнік паэткі выйшаў у серыі “Пункт адліку” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў.
У прэзентацыі, акрамя самой аўтаркі, возьмуць удзел мінскі паэт Дзмітры Строцаў, паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева.
Аднак у складзе выступоўцаў магчымыя сюрпрызы.
Прэзентацыя кнігі і аўтограф-сесія аўтаркі пачнуцца ў 19.00.
Адрас кнігарні “логвінаЎ”: Мінск, пр-т Незалежнасці, 37А.
Таня Скарынкіна.
Таня Скарынкіна – прадстаўніца рускамоўнай паэзіі Беларусі, цяпер жыве ў Партугаліі. Родам са Смаргоні, у розны час працавала паштальёнам, ілюстратарам дзіцячых кніг, журналістам. Спрабавала сябе ў мастацкім перакладзе. Цяпер акрамя літаратуры займаецца фотакалажамі – стварае мастацкія кампазіцыі з розных на першы погляд непатрэбных рэчаў і жывёл. Прыкладам, фатаграфуе мёртвых птушак.
Паэзія для Тані – “генератар касмічных галасоў”.
Вершы Тані Скарынкінай нагадваюць пра існаванне паэзіі плыні свядомасці, культываванай французскімі сюррэалістамі (Андрэ Брэтон, Гіём Апалінэр) у пачатку мінулага стагоддзя. Яе прывабнасць – у вялікай свабодзе фантазіі і самавыяўлення, у тонкіх гульнях розуму, у пошуках сябе. І калі вартасць найноўшай, дый увогуле паэзіі вызначаецца арыгінальнасцю і ўнікальнасцю, кніга Тані Скарынкінай – адзін з самых яркіх таму прыкладаў.
Паводле інфармацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў.