Тонежскія «чырачкі»
Здымаецца фільм пра ўнікальны абрад сустрэчы вясны.
Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» прыступіла да здымак новай дакументальнай стужкі пра ўнікальны абрад сустрэчы вясны, які захаваўся ў вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці.
Абрад называецца «Чырачка», праводзяць яго тонежцы спрадвеку ў сярэдзіне сакавіка. Гукаюць вясну асабліва. Мясцовыя жыхары зазываюць птушак чыркоў, якія лічацца вестунамі вясны. Па звычаі, у святочны дзень з цеста па спецыяльным рэцэпце выпякаюць маленькіх птушачак, упрыгожваецца ёлка і вырабляецца жаночае пудзіла зімы да вясенняга новага года. Як усё гатова, усе тонежцы, ад малых да старых, выпраўляюцца на ўзгорак за вёскай, каб паклікаць вясну і ачысціцца ад старой зімы. На шляху суседзям раздаюць «чырачак».
Як распавялі «Р» на кінастудыі, у 1977 годзе пра ўнікальны абрад жыхароў Тонежа рэжысёрам Валерыем Рыбаравым быў зняты дакументальны фільм «Тонежскія бабы», які стаў этапным у творчым лёсе вядомага беларускага кінематаграфіста. Аўтар новай стужкі — малады рэжысёр-дэбютант Марыя Курачова.
Фільм «Чырачка» можна будзе ўбачыць ужо восенню.