Памяці Iбрагіма Канапацкага
Міжнародны семінар-дыялог «Вывучэнне культурнай спадчыны татараў Беларусі» адбыўся ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук. Гэты форум адкрывае шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных памяці Ібрагіма Канапацкага — навукоўца, выдатнага грамадскага дзеяча, намесніка старшыні Беларускага грамадскага аб’яднання татараў «Зікруль-Кітаб» («Памяць і кніга»), кандыдата гістарычных навук, дацэнта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
Супрацоўнікамі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі да імпрэзы арганізавана выстаўка «Вучоны, грамадскі і рэлігійны дзеяч». Яна адлюстроўвае сферу навуковых і грамадскіх інтарэсаў Ібрагіма Канапацкага, якому сёння споўнілася б 65 гадоў. На ёй прадстаўлены рукапісы беларускіх татараў канца XVII — пачатку XX ст. з фондаў ЦНБ НАН, даследаванні навукоўцаў пра татарскую кніжнасць. Асобны раздзел экспазіцыі прысвечаны працам Ібрагіма Канапацкага і публікацыям пра яго жыццё і дзейнасць. На выстаўцы дэманструюцца таксама кнігі па гісторыі і культуры татараў Беларусі, артыкулы ў навуковых зборніках і перыядычных выданнях, матэрыялы шматлікіх навуковых канферэнцый, ініцыятарам і ўдзельнікам якіх быў І. Канапацкі.