У віцебскім драмтэатры адбудзецца прэм'ера мюзікла
"Спектакль ставіцца паводле знакамітай навэлы Гі дэ Мапасана "Пышка". А рускі драматург Леанід Філатаў на яе аснове стварыў свой твор - "Дыліжанс", дзе ідэі французскага пісьменніка загучалі па-новаму: жыва, востра, сатырычна, сучасна. У Коласаўскім тэатры суцэльны настрой пастаноўкі акрэслівае арыгінальная музыка Уладзіміра Кандрусевіча. Спектакль мяркуе быць імклівым, іранічным. Гэта пацвярджаецца і абраным жанрам - мюзікл", - паведаміла TUT.BY кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі тэатра Марына Пятрова.
Сюжэт твора просты і складаны адначасова. Гэтая гісторыя магла адбыцца ў любой краіне, дзе распачалася вайна. Грамадства падзяляецца на два флангі: тыя, хто становіцца на абарону краіны, і тыя, хто ўцякае. Дыліжанс вывозіць з Францыі, акупаванай "прусакамі", асобаў даволі высокага паходжання. Сярод іх раптам з'яўляецца Пышка, жанчына вольных паводзінаў.
І хутка сапраўдныя вартасці кожнага пасажыра зробяцца відавочнымі…
"Гледач убачыць нечаканае. Драматычныя артысты выступяць у нязвыклых іпастасях спевакоў і танцораў", - дадала Марына Пятрова.
"Дыліжанс" праектавалі і рыхтавалі да "адпраўлення" кампазітар Уладзімір Кандрусевіч, перакладчык Уладзімір Скарынкін, рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Кулікоўскі, рэжысёр па пластыцы Дзіяна Юрчанка, сцэнограф і мастак па касцюмах Святлана Макаранка, мастакі па святлу Міхась Лавіцкі і Яўген Куляшоў, музычны кіраўнік Аляксандр Крыштафовіч, канцэртмайстар па класе вакалу Алена Парфёнава.
Галоўную ролю Пышкі выконваюць актрысы Наталля Аладка і Юлія Цвікі.