"Пахаванне дзеда". Як TUT.BY пабываў на эратычна-жартоўных хаўтурах

Источник материала:  
25.02.2014 16:51 — Новости Культуры


- Я ўсё добра памятаю. Я была маленькая, мо, гадоў мне 7-8. Бацька з маткай рабілі вот так сама гэтага "дзеда". На кані яго везлі потым "хаваць". Бабы ўсе-ўсе гужам ішлі. Затым паміналі. Няслі на стол хто што мог - у сетачках, у хустачках. Выпівалі, гулялі. Дамой прыходзілі к утру. Карова не ела-не піла. Было весела, чудесна. Вот такой "дзед".

- А ці доўга вы зараз рабілі гэту ляльку?

- Не, нядоўга, за ноч. Макет пашылі, саломы напіхалі, вусы, бровы падрысавалі. Абулі, кашулю пашылі, надзелі, струк прывязалі - во і дзед палучыўся!

Надзея Васільеўна Красніцкая - старэйшына вёскі Кісялі. Працавала будаўніком. У асноўным. Бо смяецца: "А, кім я толькі не працавала!" Выйшла на пенсію. І пераехала ў бацькоўскі дом, да сваёй печы, да падлогі, дзе і з'явілася на свет: "Маці ўсіх чатырох дзетак на падлозе нарадзіла. А калі чацвёртага, Сашульку, радзіла, я сама гэта бачыла. Памагала ёй. Радзіла такога маханькага... Я падала гэтага рабёначка, яго ўкруцілі..."

Пасля смерці мамы прыкіпела Надзея сэрцам да родных сцен. І больш у Віцебск вяртацца не захацела.

У Красніцкай рукі - падарунак ад Бога. Яна і шые, і вышывае - за некалькі жанчын, і майструе, і рамантуе - за некалькі мужчын. Пра свае акцёрскія здольнасці кажа так: "Я за хвіліну магу зрабіць дзесяць касцюмаў. Кім хочаце магу стаць. Хоць Чынгісханам, хоць паштальёнам Печкіным. Аднойчы трэба было павіншаваць суседа з днём нараджэння. Я хуценька зрабіла ружжо - з дзеравяшкі нейкай, насунула на твар капялюш. І пайшла да суседа. Пытаюся: "А як мне прайсці да іншай вёскі?" Ён мне і тлумачыць. Не пазнаў!"

Яшчэ адна "карцінка" з дзяцінства, якую са смехам распавядае Надзея Васільеўна:

- Бабуля, маці майго бацькі, была веруючая, малілася, хадзіла ў царкву. Адзін раз прышла да нас, паставіла свечачку. Іконка была і рушнічок такі беларускі быў. Памалілася і забыла патушыць свечку. Яна капціла, і бажнічка згарэла. А цераз нядзелю Пасха будзець. Бабулька прыдзе і ўвідзе, што іконкі няма. Што нам робіць? Бацька кажа: "Дзеткі, мілыя, выручайце!" Мы ўзялі кніжку, за 4 ці 5 клас, выдралі партрэт Якуба Коласа. І прыклеілі замест іконкі. Баба прышла, паставіла свечачку і моліцца на каленках...

Такія вось жыццёвыя калізіі...

***

На Гарадоччыне "хаваюць" не толькі "дзеда", але і "бабу". Адбываецца гэта ўжо ў апошні дзень Масленіцы. Калі мужык падавіўся косткай, то яго палавіна - сырніцай, абавязковай масленічнай стравай. "Пахаванне бабы" праходзіла гэтак жа: выраб пудзіла, галашэнне, дарога на "могілкі", "памінкі" з песнямі і танцамі. Абрад азначаў пачатак Вялікага посту. І канчатковую перамогу цяпла над холадам, жыцця над смерцю.

←Экскурсия по президентской библиотеке, в подвалах которой "бродят" привидения Червякова и Сталина

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика