Як святкавалі Масленіцу продкі і дзе можна паесці бліноў ды спаліць пудзіла сёлета?
Дзе адсвяткаваць Масленіцу?
Свята па-шляхецку
Музей старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій "Дудуткі", які знаходзіцца ў сарака кіламетрах ад Мінска, запрашае вызваліць вясну з зімовага палону 1 сакавіка, пачатак свята ў 12 гадзін. Госці змогуць паспрабаваць свае сілы ў такіх шляхецкіх забавах, як стральба з лука, перацягванне каната, валоданне баявой сякерай і мячом, рыцарскія баі і іншых. Тут можна будзе таксама пакатацца на конях, каштаваць беларускія стравы, павадзіць карагоды ля вогнішча.
Пахаваць Бабу
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту каля вёскі Азярцо Мінскага раёна запрашае адсвяткаваць Масленіцу 2 сакавіка з 11.30 да 15.00. Наведвальнікі змогуць узяць удзел у традыцыйным абрадзе "Пахаванне Бабы", атрымаць майстар-клас па беларускай польцы, убачыць на ўласныя вочы ўнікальныя прыстасаванні для вырабу масленічных страў - сыра і масла. Для тых сем'яў, якія пабраліся шлюбам у мінулым годзе, супрацоўнікі музея падрыхтавалі цікавы абрад "Ушанаванне маладых пар" з гумарыстычнымі іспытамі, гульнямі і сувенірамі.
Беларускае сумо
Сядзіба "Марцінова Гусь" у вёсцы Малая Люцінка Валожынскага раёна запрашае адзначыць Масленіцу 2 сакавіка, абяцаючы гасцям разнастайныя жартаўлівыя конкурсы, традыцыйныя танцы і гульні, якім можна навучыцца за дзве хвіліны. Таксама ў праграме надзяванне "калодак" нежанатым хлопцам, баі падушкамі на лавах, "Гарачая патэльня" (беларускае сумо), бязвінныя пацалункі і іншае.