Два спектаклі ў багажы
Купалаўцы ўпершыню едуць у Кітай.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ўпершыню адпраўляецца ў Кітай. З 28 лютага па 8 сакавіка ў Народным мастацкім тэатры Пекіна артысты прымуць удзел у міжнародным тэатральным фестывалі. Для паказаў адабраны спектаклі «Не мой» і «Вяселле».
Паводле слоў рэдактара аддзела знешніх сувязяў тэатра Веранікі Молакавай, гастролі арганізаваны па запрашэнні кітайскага боку, іх падрыхтоўка заняла амаль паўтара года. Яшчэ 26 снежня ў Пекін адправілі дэкарацыі да спектакляў, а 25 лютага туды вылятае тэхнічная група.
Спектакль «Не мой», пастаўлены Аляксандрам Гарцуевым у 2010 годзе паводле аповесці Алеся Адамовіча «Нямко», — лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў пяці конкурсных намінацыях, адзначаны Гран-пры, прызамі за найлепшую сцэнаграфію і найлепшы акцёрскі дуэт на Міжнародным фестывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы» ў Гомелі. У Пекіне адбудзецца яго першы замежны паказ.
Пастаноўку «Вяселле» паводле знакамітай п’есы А. Чэхава ажыццявіў у 2009 годзе расійскі рэжысёр Уладзімір Панкоў. За апошнія пяць гадоў гэты сумесны беларуска-расійскі праект быў паказаны ў Францыі, Расіі, Украіне, Азербайджане, Іспаніі, неаднаразова прымаў удзел у міжнародных фестывалях.