У інтэрнэце з'явіўся трэйлер фільма "Белыя Росы. Вяртанне"
Пажыўшы ў горадзе, адзін з герояў папярэдняга фільма - Андрэй Ходас (яго іграе Народны артыст Генадзь Гарбук)- вяртаецца да зямлі і селіцца ў малой вёсачцы. Аднак горад наганяе яго. Пара маладых бізнэсоўцаў збіраюцца выкупіць маляўнічы куток для будаўніцтва санаторыя, а нешматлікіх жыхароў вёскі - выселіць. Стары Андрэй дапамагае ўсёй сям'і ўспомніць пра карані і разблытаць праблемы ў адносінах, якія здаваліся невырашальнымі ў мітуслівай атмасферы гарадскога жыцця.
Посмотреть видео (файл 19.6 МБ будет загружен на ваше устройство)
Аснову сцэнара для новага фільма напісаў драматург Аляксей Дудараў, аўтар і класічных "Белых Росаў". Паводле яго словаў, сцэнар пасля істотна перарабляўся. У прыватнасці, у першым варыянце бізнэсовец быў адзін і збіраўся будаваць на месцы Белых Росаў не санаторый, а катэджны пасёлак. Невядома, ці захавалася ў выніковай версіі і асацыятыўнае прозвішча бізнэсоўца - Русачэнка.
У якасці саўндтрэка ў трэйлеры выкарыстоўваецца песня гурту J;Морс, якая, праўда, у саму стужку не трапіць.
Пытанне, на якое пакуль няма адказу: для каго новы фільм?
"Белыя Росы" 1983 года ў лёгкай форме паказвалі, як у Беларусі адбывалася ўрбанізацыя. Гэты працэс закрануў сотні тысяч людзей. І гледачы - учорашнія вяскоўцы, заўтрашнія гараджане - пазнавалі сябе і сваіх родных у героях фільма. Ён чапляў іх.
Пра новы фільм цяжка меркаваць па трэйлеры. Але з нарэзкі відаць, што кіно будзе прысвечанае жыццю сацыяльнай катэгорыі, якая завецца "офісны планктон".
У кадры - офісы, модныя клубы, "цуд некранутай прыроды" і хутаранкі з мінскім макіяжам.
Але "планктон" і бізнэсоўцы наўрад ці будуць кіно глядзець, пазнаваць сябе і, галоўнае, верыць. Каб пафасны бізнэсовец пераехаў з Мінска ў вёску, дзе няма "Дазары" і прыбіральня на вуліцы? Не смяшыце.