Памёр народны мастак Гаўрыла Вашчанка
Гаўрыла Вашчанка нарадзіўся ў вёсцы Чыкалавічы на Гомельшчыне ў 1928 годзе. Мастак, жывапісец. Народны мастак Беларусі (1988). Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1977). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1987). Скончыў Львоўскі інстытут прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва (1955).
Працаваў у галіне станковага жывапісу, акварэлі, манументальнай размалёўкі і вітражу. Работы вылучаюцца жанравай і тэматычнай разнастайнасцю, роздумам над актуальнымі праблемамі часу і мінуўшчынай роднай зямлі, патрыятызмам: "Маё Палессе", "Дума пра хлеб" (абедзве 1973), "Мацярынскія крылы" (1975), "Нацюрморт з барэльефам Гусоўскага" (1986) і інш.
Важным падзеям беларускай гісторыі прысвечаны палотны "Грунвальдская бітва" (1985), трыпціх пра паўстанне К.Каліноўскага "За зямлю, за волю" (1983), "Балада пра мужнасць" (1974) і інш.
Стварыў партрэты пісьменнікаў, асветнікаў, дзяржаўна-палітычных дзеячаў Беларусі - Я.Купалы, Я.Коласа, Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, К.Астрожскага, С.Буднага, В.Цяпінскага і інш. Персанальная карцінная галерэя В. з 2002 дзейнічае ў Гомелі. Зрабіў манументальныя размалёўкі "Зямля светлагорская" (1972, Палац культуры хімікаў у Светлагорску), "Асветнікі" (1976, Дом настаўніка ў Менску), вітражы ў касцёле Сымона і Алены (1974, Менск) і інш.