Людміла Хмяльніцкая: "Так захапiлася Шагалам, што затапіла суседзяў…"
Пра гарэлку "Шагал","Мёртвыя душы" і віцебскі хлеб
- З унучкай мастака я пазнаёмілася, калі яшчэ не была дырэктаркай музея. У 1997 годзе нашчадкі ладзілі першую выставу Шагала ў Беларусі. Прывезлі яго карціны ажно з Ніцы. Я тады працавала на выставе экскурсаводам. Людзей, якія хацелі пазнаёміцца з творчасцю мастака, было вельмі шмат. Мы працавалі без выхадных, вельмі стаміліся. Таму, калі мяне выклікала кіраўніца віцебскага мастацкага музея і сказала, што заўтра прыедзе ўнучка Шагала са Швейцарыі, і я мушу правесці ёй экскурсію па горадзе, я была вельмі не задаволена. Цяпер жа дзякую лёсу, бо тое наша знаёмства з Мэрэт Мэйер-Грабер перарасло ў сапраўднае сяброўства.
Раней імя Шагала эксплуатавалі ў Беларусі направа і налева без дазволу нашчадкаў. Унучкі Шагала былі ў шоку, калі даведаліся, што ў Мінску пачалі выпускаць гарэлку "Шагал". Падалі іск у суд. У судзе вытворцы павялі сябе некарэктна. Спачатку даказвалі, што "гэта не той Шагал, пра якога вы думаеце". У той час, калі на бутэльцы быў партрэт Шагала з датамі жыцця і відамі Віцебска! Потым пачалі казаць: "Можа, гэта і той Шагал, але пра яго ў Беларусі ніхто не ведае". Мы, вядома, выступалі на баку ўнучак Шагала, якія ўрэшце выйгралі той працяглы судовы працэс.
Мы імкнёмся не толькі самі не парушаць аўтарскае права, але і не дапускаць, каб гэта рабілі беларускія прадпрымальнікі. Калі віцебскі хлебакамбінат стаў выпускаць хлеб "Шагалаўскі", мы іх папярэдзілі, што гэта парушэнне аўтарскіх правоў. Яны тут жа адрэагавалі: знялі гэтую назву. Перад тым, як выдаць ілюстрацыі Шагала да паэмы Гогаля "Мёртвыя душы", Мінская фабрыка Дзяржзнака атрымала дазвол у Парыжы. І гэты цывілізаваны крок пад сілу зрабіць кожнаму прадпрыемству.
Віцебскі хлеб, дарэчы, вельмі смачны. Раней, калі нехта ехаў у Прыбалтыку і пытаўся, што адтуль прывезці, мы з калегамі замаўлялі менавіта хлеб. Цяпер жа і ў нас вырабляюць не горшы. А вось "утылізацыя" імя мастака, паэта, музыкі - дрэнная рэч. З гэтым трэба змагацца. Калі я бачу ў інтэрнэце, што ў Маскве вырабляюць масажны стол "Шагал" ці заходжу ў рэстаран, а там у меню свіная катлета "Шагал", - то гэта за межамі майго разумення.
Пра Мікалая Дабранравава, Алу Пугачову і калекцыю анёлаў
- З усіх удзельнікаў "Славянскага базару" добра калі 3-4 зоркі знойдуць час завітаць да Шагала. Памятаю вельмі прыемны дыялог з Аляксандрай Пахмутавай і Мікалаем Дабранрававым, якія прыйшлі ў музей за некалькі гадзін да адлёту. У нас якраз экспанаваліся ілюстрацыі Шагала да "Мёртвых душ". Ніколі не забуду, як паэт тут жа, гледзячы на працы Шагала, пачаў цытаваць Гогаля. А оперная спявачка Любоў Казарноўская не ведала, што ў нас два будынкі. Перад выступленнем паспела паглядзець толькі Дом-музей на Пакроўскай. Але ёй так там спадабалася, што на наступны дзень знайшла час і прыйшла ў Арт-цэнтр Марка Шагала. Ні разу не была ў нас Ала Барысаўна Пугачова, хоць яна шмат гадоў узначальвала журы фестывалю.
Тое, што карціны выносяцца на вуліцу (гаворка ідзе пра выстаўку рэпрадукцый карцін Марка Шагала, якая прайшла пад адкрытым небам у Мінску з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння мастака) - добрая справа. Гэта своеасаблівы спосаб папулярызацыі творчасці мастака. Чалавек, далёкі ад мастацтва, можа ніколі не прыйсці ў музей. А тут вяртаецца ён з працы праз плошчу Якуба Коласа і, хочаш не хочаш, судакранаецца з мастацтвам. 100 чалавек пройдзе міма, а 101-ы - глядзіш, і зацікавіцца.
Адмоўна стаўлюся да ўсіх пленэраў "а ля Шагал". Таксама я супраць усялякіх конкурсаў дзіцячага малюнка па матывах творчасці Шагала. Не трэба "забіваць клішэ" ў галаву дзіцяці, не трэба зашорваць яму свядомасць ні Шагалам, ні Малевічам, ні Савіцкім. Дайце магчымасць нарадзіцца творчаму пачатку! Вось гляньце, якіх аўтэнтычных анёлкаў (паказвае малюнкі) зрабілі дзеткі з Германіі. Прычым самаму маленькаму аўтару 4 гады. Гэта рэшткі маёй калекцыі анёлкаў. Я імі вельмі даражу.
Калісьці мела неасцярожнасць пачаць збіраць анёлаў. Мне пачалі іх прыносіць з усіх гарадоў і вёсак. Ёсць у мяне нават цёмнаскуры анёлак з Афрыкі (усміхаецца). Але, як, пэўна, кожны калекцыянер, я сутыкнулася з праблемай: чалавек прыносіць нешта ў падарунак ад усёй душы, а мне не падабаецца, бо гэта кіч. Прыйшоў дзень, калі ў мяне ўжо не было не тое што месца, але і жадання збіраць іх далей.
Карціны Шагала каштуюць вельмі дорага. Таму спадзявацца на тое, што ў Віцебску ў бліжэйшы час з'явіцца калекцыя жывапісных работ славутага земляка, не прыходзіцца. У той час, калі Шагал быў яшчэ жывы, мы ўпусцілі шанц. Пераканана, што, калі б ён даведаўся, што на радзіме з'явіўся музей Шагала, то можна было б спадзявацца на нейкую калекцыю, якую мастак мог перадаць у родны горад. Бо Віцебск быў для яго магічным словам. Шагал - мастак з Беларусі, і пра гэта цяпер ведаюць усё шырэй. Калі яшчэ нядаўна ў выставачных каталогах на Захадзе пісалі: "Шагал нарадзіўся ў Віцебску, у Расіі", то цяпер такой памылкі не робяць. Прыйшло разуменне таго, што культура Беларусі - зусім іншая культура.
Жывучы ў эміграцыі, Шагал (які быў грамадзянінам Францыі, а на працягу ўсяго свайго жыцця размаўляў і пісаў на ідыш) іншым разам (досыць рэдка) называў сябе і расійскім мастаком, хоць розных нацыянальных вызначэнняў у мастацтве вельмі не любіў. Справа, напэўна, у тым, наколькі актыўна тая ці іншая краіна прысвойвае набыткі, якія яна атрымлівае ад іншых культур - а на сінтэзе культур сёння трымаецца свет. Нашай краіне трэба гучней заяўляць пра тое, што Шагал - з Беларусі.
Пра музу, лахматага мастака і селядцы
- Біяграфія Шагала да эміграцыі была амаль не вядома. Я падумала: напэўна, захаваліся нейкія дакументы, акрамя аўтабіяграфіі "Маё жыццё", якую ён сам і напісаў. І пачала шукаць. Калі раней біяграфію Шагала пісалі на 100 старонках і пра першыя 33 гады жыцця мастака там было 5 старонак, то цяпер мы можам распісаць жыццё Шагала калі не па хвілінах, то па гадах.
Летась выйшла мая кніга "Марк Шагал і Віцебск", дзе апісаны віцебскі перыяд жыцця мастака. Відавочна, што наступная павінна быць "Бэла Шагал і Віцебск". Апошні год гэтая постаць усё больш і больш прыцягвае маю ўвагу. Усе ведаюць, што першая жонка Шагала была музай, натхняльніцай. Але гэта толькі агульныя фразы. А хто такая Бэла? Што яна сабой уяўляла як чалавек? Прыйшоў час вывесці жонку мастака з ценю.
Бэла Разенфельд мела свае стасункі з гэтым горадам. Яна выйшла, у адрозненне ад Шагала, не з беднай сям'і. Яе бацька ювелір быў адным з самых багатых людзей горада. Тым не менш родная сястра Бэлы была рэвалюцыянеркай і сядзела ў турме ў царскія часы. Брат Бэлы стаў аўтарытэтным эканамістам, выкладаў у ленінградскім універсітэце. Другі брат пераехаў у Францыю. Лінія французскіх Разенфельдаў, дарэчы, існуе і дагэтуль. Я з імі там пазнаёмілася.
Знайшла дакументы ў мінскім архіве, якія сведчаць пра гады вучобы Бэлы ў гімназіі. Там нават напісана, на якія пытанні яна адказвала падчас выпускных іспытаў. Потым яна вучылася на жаночых курсах у Маскве. І вось гэтая адукаваная дзяўчына, якая захаплялася тэатрам і спрабавала сябе ў ім, сустракае лахматага мастака, і атрымліваецца "партрэт жонкі мастака"…
Кажуць, што жанчына робіць мужчыну. А мне здаецца, гэта ўжо як мужчына захоча. Што датычыцца Шагала, то першай знакавай жанчынай у яго жыцці была Фейга-Іта, якая гандлявала селядцамі. У сваёй аўтабіяграфіі "Маё жыццё" мастак так піша пра сваю маці: "Я хачу сказаць, што дзесьці ў ёй таіўся мой талент і што я ўсё атрымаў у спадчыну ад яе, акрамя яе розуму". Гэта залежнасць ад прысутнасці жанчыны засталася ў мастака на ўсё жыццё.
Тры жанчыны - тры зусім розныя эпохі жыцця Шагала. Бэла - чалавек, які цалкам сябе перарабіў на патрэбы мужа, на яго імідж. Яна свядома адышла ў цень. Пасля смерці Бэлы Шагал 7 гадоў жыў грамадзянскім шлюбам з Вірджыніяй Мак-Ніл, якая не вытрымала выпрабавання і збегла ад прызнанага мастака з невядомым на фоне Шагала фатографам. Трэцяя жонка - Валянціна Бродская, жанчына з мёртвай хваткай. Яна рэгламентавала жыццё Шагала, сачыла, каб яго не турбавалі журналісты. Дарэчы, з-за гэтага, можа, ён і пражыў так доўга - ажно 98 гадоў.
З творчай асобай вельмі складана жыць ва ўсе часы. Прычым незалежна ад ступені вядомасці. Бо творчасць - гэта не толькі карціна, музычны ці літаратурны твор, гэта ў першую чаргу - праява свабоды. Таму ўсё залежыць ад жанчыны. Калі яе задавальняе поспех мужа, як Бэлу ці Валянціну, то яна будзе шчаслівай і знаходзячыся ў цені.
Пра вышчарбленую цэглу, правінцыю і пральную машыну
- Мая папярэдніца на гэтай пасадзе цяпер жыве ў Галандыі. Кожнаму сваё. Асабіста мне мілей за родны Віцебск няма месца ў свеце. Мне падабаецца тое, што горад маленькі, што не трэба траціць гадзіны, каб некуды даехаць. У Віцебску дастаткова цікавых імпрэз. І нават калі ёсць вялікае жаданне трапіць на канцэрт ці выставу ў Мінск, то гэта не праблема. 300 кіламетраў - не такая вялікая адлегласць. Ды і інтэрнэт сцёр межы, сёння ўсё роўна, дзе ты жывеш: у Мінску, Парыжы ці Віцебску. Доступ да інфармацыі аднолькавы. Усё залежыць выключна ад твайго жадання. Правінцыя цяпер - гэта не месца жыхарства, гэта спосаб мыслення.
Старая карта Віцебска шагалаўскіх часоў вісіць у маім кабінеце невыпадкова. Праўда, гэта копія. У Віцебскім архіве знаходзіцца арыгінал. Мы вырашылі яе перавыдаць. Так і нарадзілася мая новая кніга. "Прагулкі са старой картай" - гэта адмысловы нарыс пра Віцебск. Мы вырашылі пачаць выдаваць серыю кніг, якая будзе называцца "Кніжная крама Дома Шагала". Гэта будуць кнігі не толькі пра Шагала ці Бэлу, але і кнігі пра Віцебск.
Мне падабаецца хадзіць з фотаапаратам па старым горадзе, па брукаванцы. Падабаецца шукаць нейкія новыя ракурсы, лавіць настрой горада. Прычым люблю гуляць не па самых прэзентабельных мясцінах, якія за апошнія гады дасканала адрэстаўравалі. А там, дзе засталіся сляды часу: іх можна знайсці і ў старым дрэве, і ў вышчарбленай цэгле.
Калі ідзеш па пешаходнай вуліцы Віцебска і бачыш, як людзі п'юць каву за столікамі летніх кавярняў, такое адчуванне, што ты ў Еўропе. Праўда, іншым разам лаўлю сябе на думцы, што ўсё ж гэта не той горад, у якім я вырасла. Вось тут кавярня, якой ніколі ў гэтым месцы не было. А гэты помнік станавілі там, дзе ён не можа быць прынцыпова. Дрэнна, калі новыя будынкі выпіраюць, бяруць акцэнт на сябе. Важна, каб яны не засланялі помнікі гісторыі, якія побач. Але яны мусяць з'яўляцца, бо жыццё працягваецца.
Мы ўсталявалі казырок над уваходам у музей Шагала. Яго, вядома, пры Шагалах не было. Але ж нам у першую чаргу трэба думаць пра бяспеку наведвальнікаў, каб ім на галаву ўзімку, не дай Бог, не зваліўся лядзяш. Мы таксама не можам дазволіць развальвацца цэгле. З аднаго боку, гэта прыкмета часу і прыгожа. Але па сутнасці - гэта сляды разбурэння. Як сказала адна наша добрая сяброўка, даследчыца Аляксандра Шацкіх: "Калі б Шагалы ўбачылі, як вы адрамантавалі іх дом, яны б не паверылі сваім вачам!"
І на працы кнігі пра Шагала, і дома. У мяне няма сям'і, і таму ў гэтым сэнсе прасцей. Інакш была б катастрофа. Бо працэс творчасці часта ўступае ў канфлікт з побытам. Самы пік маёй неарганізаванасці: калі пісала цудоўны тэкст пра Шагала, яго зносіны ў 1913 годзе з французскімі паэтамі-авангардыстамі Гіёмам Апалінэрам і Блэзам Сандрарам, і не прыкмеціла, як затапіла суседзяў. Фактычна я была дома, хадзіла там, але не бачыла, што ў мяне пральная машына вылівае ўсю ваду міма. Суседзі мяне, на жаль, не зразумелі, калі я сказала, што была ў 1913 годзе (усміхаецца).
Калі я саджуся пісаць, мне неабходны цішыня і кнігі. Бо я не займаюся белетрыстыкай, не прыдумляю з галавы. Калі пішу пра Парыж 1913 года, я павінна дакладна ведаць, была на бульвары Распай у той час кавярня ці не. Увесь час даводзіцца ўдакладняць нейкія рэчы. У гісторыі дробязяў не бывае, таму шмат чытаю, у тым ліку і на замежных мовах. Калі б у мяне было больш часу, я б не раздумваючы патраціла яго на чытанне.