Літоўскі гурт Biplan заспяваў свой галоўны хіт па-беларуску
Літоўскі гурт Biplan прэзентаваў беларускамоўную версію песні Amore, якая ў Літве атрымала прыз за найбольш частыя ратацыі па выніках 2013 года. Канцэртная прэм’ера песні ў Мінску адбудзецца 2 сакавіка ў клубе Tarantino.
Новая версія стала вынікам конкурса, абвешчанага гуртом разам з беларускім парталам TUT.BY і «Радыё АНТ». Агулам прыйшло больш за 80 варыянтаў перакладу. Абіраць найлепшы, па прызнанні музыкаў, было вельмі цяжка.
“Вялікі дзякуй за ўвагу да нашай творчасці і за любоў да роднай мовы. Якасных варыянтаў было шмат — можна было заспяваць любы з мінімум 20-30 лепшых і гэта прагучала б цалкам добра”, — кажа вакаліст гурта Макс Мельман.
Выніковы тэкст беларускай версіі Amore складзены з двух варыянтаў: Дар’і Ісаковіч (куплеты) і Адаркі Зяніковай (прыпевы). У кроку ад перамогі былі версіі журналіста Глеба Лабадзенкі і бубнача N.R.M. Алеся Дземідовіча.
“Дзяўчыны ўзялі лёгкасцю і пацуццямі, а можа і проста нейкімі флюідамі — песня ж пра каханне! — усміхаецца Мельман. — Мне больш за ўсё спадабаўся радок «складаў пачуцці ў матыў». У рускай і літоўскай версіі ўсё трохі прасцей. Гэты ж момант быў найбольш цяжкім па вымаўленні — разоў 15 яго перазапісвалі, але вынік таго варты!” — упэўнены музыка.
2 сакавіка гурт Biplan выканае беларускую версію Amore ў Мінску падчас сольнага канцэрта ў клубе Tarantino.
Зачараваны я табой
Пакінуць мушу гэты горад
І напалам дзялю слязой
Шчасце, так блізкае ўчора
Пустыя рукі, лёгкі крок
Я застаюся без нічога
Чужыя словы, як пясок
Асядуць з пылам на дарогу.
Amore, amore, amore
Дазволь апошні раз
Amore, amore, amore
Паверыць зноў у нас
І я калісь каханым быў
І сам кахаў беззапаветна
Складаў пачуцці ў матыў
І песні пеў дажджу і ветру
Мы можам час з табой спыніць
Скажу я: “Мілая, вітаю”
Каб тваё сэрца запаліць
Зноў заспяваю і заграю