У Віцебску захаваўся дом, дзе жыла жонка выбітнага навукоўца Яна Чэрскага
Малох рэпрэсій адно абпаліў М.П. Чэрскую. Пра далейшае яе жыццё ў Віцебску ў 1930‑я гг. нам нічога невядома. У 1935 г. разам з нявесткай і ўнукам Маўра Паўлаўна пераехала ў Растоў-на-Доне. Апошнія месяцы жыцця М.П. Чэрскай прайшлі ў Таганрогу ў Доме састарэлых навукоўцаў, дзе яна памерла 18 снежня 1940 г.
У выніку аналізу планаў зямельных участкаў суседзяў М.П. Чэрскай, выяўленых у Віцебскім абласным архіве, удалося лакалізаваць маёнтак Казімірава ў ваколіцах вёскі Шапечына Віцебскага раёна. Сакратар сельсавета Н.А. Мастыкова і мясцовыя старажылы дапамаглі вызначыць размяшчэнне сядзібы на мясцовасці ў двух кіламетрах ад Шапечына, уніз па цячэнні ракі Сухадроўкі. Там былі выяўленыя развалы камянёў і цэглы старога вырабу, якія выступалі з зямлі. Тэрыторыя сядзібы распахана. Ручай, што ўпадае ў Сухадроўку непадалёк, мясцовыя жыхары да гэтага часу называюць "Чэрскі".