З «Залатым фаліянтам»
Факсімільнае «Полацкае Евангелле» прызнана лепшым кніжным выданнем мінулага года
Адной з яркіх падзей першага дня 21-й Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу стала ўзнагароджанне лаўрэатаў 53-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». Урачыстая цырымонія прайшла ўчора ў Малой зале Палаца Рэспублікі.
Гран-пры ў намінацыі «Трыумф», пачэсны знак-сімвал «Залаты фа-ліянт» і дыплом імя Францыска Скарыны атрымала «Полацкае Евангелле» выдавецтва Беларускага Экзархата.
Фалiянт — старажытней-шы помнік культуры нашай краіны, які захаваўся найбольш поўна.
«Полацкае Евангелле» напісана на 172 аркушах пергаменту, упрыгожана мастацкімі застаўкамі, арнаментальнымі ініцыяламі і загалоўкамі. Мае запісы вядомых дзяржаўных дзеячаў Полацкага княства XIII—XIV стагоддзяў.
Створанае ў Полацку ў XII стагоддзі, рукапіснае «Евангелле» з’явілася практычна ў той жа час, што і знакаміты крыж Еўфрасінні Полацкай, і не выключана, што пры ўдзеле знакамітай беларускай князёўны, якая заснавала ў Полацку скрыпторый для перапісвання рукапісаў.
Выпуск факсімільнага выдання — вынік шматгадовай сумеснай працы Нацыянальнай бібліятэкі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выда-вецтва Беларускага Экзархата, а таксама Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі ў Маскве і Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу.
Акрамя ўладальніка Гран-пры, пачэсныя памятныя адзнакі атрымалі пераможцы больш чым дзясятка тэматычных, спецыяльных і персанальных конкурсных намінацый.
Усяго да ўдзелу ў конкурсе былі прадстаўлены 134 кнігі павышанай якасці ад 31 выдавецтва. Лепшых вызначала кампетэнтнае журы на чале з вядомым беларускім кніжным графікам, мастацтвазнаўцам, рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаілам Баразной.