Мова да прэмii прывяла
Ён лёгка чытае па-руску, па-ўкраінску, па-польску, па-нямецку. Але выдае свае манаграфіі, артыкулы і вершы выключна па-беларуску. Яго часта запрашаюць на Першы нацыянальны канал радыё, яму шмат пішуць з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, бо чытаюць яго кнігі па міфалогіі, гісторыі, краязнаўстве. Невыпадкова яму, Аляксею НЕНАДАЎЦУ (на здымку), доктару філалагічных навук, прафесару, загадчыку кафедры філіяла Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта ў Бабруйску, прысуджана спецыяльная прэмія імя Міхася Лынькова.
— Дазвольце, Аляксей Міхайлавіч, павіншаваць вас з прысуджэннем прэміі. Як бы вы самі сфармулявалі нагоду да гэтай узнагароды?
— Паколькі прэмія, заснаваная Бабруйскім гарвыканкамам, уручаецца за папулярызацыю беларускай мовы, то, як я разумею, мне яна прысуджана за тыя тысячу дзвесце публікацый і амаль пяцьдзясят кніжак, што выйшлі з-пад майго пяра. Лічу, за гэта, бо ўсе яны, за выключэннем адной, напісаны на роднай мове. І гэта вельмі важна, калі адзначаюць працу па захаванні беларускай мовы, якая апошнім часам прайграе другой дзяржаўнай мове.
— А ці можаце вы сёння ўявіць, што гэтую прэмію атрымаў бы, скажам, эканаміст, напрыклад, выпускнік вашага ўніверсітэта?
— З цяжкасцю гэткае ўяўляю. Хаця ў мяне ёсць дзесяць працэнтаў студэнтаў, якія размаўляюць са мной на беларускай мове. І гэта своеасаблівы зрэз нашага грамадства — гэтыя дзесяць працэнтаў адлюстроўваюць ступень ужывання роднай мовы ў нашым грамадстве. Лічу, што для нашага філіяла гэта неблагі вынік. Але галоўнае, каб студэнты разумелі, успрымалі інфармацыю па сваіх спецыяльнасцях, на якой бы мове яна ні падавалася. Здаецца, у нас з гэтым парадак. Калі ў філіял прыязджаў рэктар БДЭУ Уладзімір Шымаў, ён цудоўна разумеў беларускую мову, заўважаў, што чыстая, не трасянка, яму вельмі яна падабаецца.
— Ці ёсць інтарэс да беларускай мовы ў студэнтаў?
— Вы ж ведаеце, ёсць такія, каму ўсё адно — беларуская, японская ці кітайская мова… Прыемным эпізодам стала для мяне студэнтка татарскага паходжання. Яна, калі прыехала з-пад Казані вучыцца ў Бабруйск, пажадала ведаць нашу мову. Я нават спачатку не паверыў у сур’ёзнасць намераў, кажу: навошта? А яна адказвае, маўляў, за беларуса замуж пайду, трэба разумець мужа дасканала. І пайшла, жыве зараз у нашым горадзе. А нашы землякі часам не ведаюць роднай мовы і нават бравіруюць гэтым, забываючыся, што ў дзяржаўнай навучальнай установе трэба ведаць абедзве дзяржаўныя мовы. Паспрабаваў бы амерыканскі абітурыент сунуцца ў Гарвардскі ўніверсітэт, заявіўшы, што не ведае англійскай…
— Дык як жа, на вашу думку, захаваць матчыну мову?
— Я шмат ездзіў і езджу ў экспедыцыі па Беларусі. І прыходжу да сумнай высновы: калі раней захавальніцай мовы была вёска, дык зараз носьбіты адвечнай мовы проста фізічна вымерлі. Засталіся карыстальнікі выключна трасянкі, якія страшэнна каверкаюць рускую і не ведаюць беларускую. І вось іх дзеці з гэткім жа багажом ідуць па жыцці. Пры гэтым прызнаюць, што не ведаюць родную, таму «будут разговаривать по-русски». Але ж і гэтую мову добра не ведаюць.
Здаецца, на пачатку дзевяностых уводзілі вывучэнне роднай мовы ў дзіцячых садках. Выхаванцы тых садкоў сёння ўжо нашы студэнты, маладыя спецыялісты, і яны гавораць па-беларуску. Лічу, гэта быў удалы эксперымент, бо дзеці ў гульнёвай форме авалодвалі мовай. Нядрэнна было б узяць гэты вопыт на ўзбраенне ў будучых рэформах.
Ну і, безумоўна, сваю ролю адыгрываюць літаратура, мастацтва, друк, якія трэба скіраваць у нацыянальнае рэчышча. Каб вярнуцца да каранёў, трэба ўзбагаціць сябе вялікімі ведамі, усім багаццем ведаў.
— А як, на ваш погляд, можна выкарыстаць «тэорыю малых» спраў у практыцы захавання і развіцця роднай мовы сёння?
— Мне вельмі падабаецца, што ў бабруйскіх тралейбусах прыпынкі аб’яўляюць па-беларуску. Адразу некаторыя пасажыры пасмейваліся, а зараз усе гэта прымаюць нармальна. Не трэба папулісцкіх рашэнняў, і тады ўсе прыдуць да разумення, усвядомяць неабходнасць нацыянальнай мовы і стануць сапраўды шчырымі беларусамі.
— Дык што ж для вас мова, паважаны прафесар?
— Чыстая, правільная, глыбінная народная мова ёсць важны інструмент у будаванні самасвядомасці чалавека. Вы заўважце, калі два-тры чалавекі пачынаюць гаварыць па-беларуску, тыя, хто іх акружае, прыціхаюць, прыслухоўваюцца, мова не пакідае іх абыякавымі і абавязкова пакіне нешта ў іх галовах, душах.
— На вашым дыпломе да спецыяльнай прэміі імя Міхася Лынькова ёсць яго словы: «Несці нашчадкам у сэрцы родную мову». Як лічыце, выканаем гэты наказ?
— Абавязаны, гэта ж наша ярэмца, яго трэба цягнуць, каб быў плён і ў нашых нашчадкаў. Лічу гэта задачай дзяржаўнай важнасці.
Фота: Аляксандр АНТАШКЕВІЧ