Прэзентавалі гімн Мядзельскага раёна: ён на словы Максіма Танка

Источник материала:  

У чацвер, 16 студзеня, адбылося  раённае мерапрыемства, прысвечанае 95-годдзю ўтварэння БССР.

Прайшло яно ў нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.

Сярод іншых падзей на ім прэзентавалі гімн Мядзельскага раёна. Гэта твор “Наш край Нарачанскі” (словы народнага паэта Максіма Танка, музыка Юрыя Талесніка). Выканаў яго Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Цітовіча.

Конкурс па стварэнні гімна Мядзельскага раёна быў аб'яўлены летась. На яго паступіла восем заявак, да іх далучылі верш народнага паэта Беларусі Максіма Танка “Наш край Нарачанскі”.

Крытэрыямі для падвядзення вынікаў конкурсу з'яўляўся тэкст на беларускай мове і музыка, якія павінны ўтрымліваць ідэю значнасці Мядзельскага раёна ў кантэксце гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі, мець высокі мастацкі ўзровень, інтанацыйна-меладычную яснасць, урачыстасць, рытм шэсця, запамінальнасць.

У выніку раённая камісія з прапанаваных варыянтаў спыніла свой выбар на творы на словы Максіма Танка. “Наш край Нарачанскі” быў зацверджаны рашэннем райвыканкама ў якасці гімна Мядзельскага раёна.

На раённае мерапрыемства, на якім прэзентавалі гімн, таксама запрасілі аўтараў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе. Іх выклікалі на сцэну, уручылі падарункі.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота nn.by

 

Тэкст гімна Мядзельскага раёна

 

Наш край Нарачанскі,

Край сініх азёраў,

Шляхоў партызанскіх

І слаўных падзей,

Бароў меднастволых,

Жытнёвых прастораў,

Свабодалюбівых,

Працоўных людзей.

 

Нямала ты бачыў

Нягодаў і гора,

Пра гэта нам сведчаць

Курганы твае,

Пра гэта паданні,

Быліны гавораць,

Пра гэта бурлівая

Нарач пяе.

 

Наш край Нарачанскі,

Край сініх азёраў,

Ты сёння красой

Веснавою цвіцеш,

Як наша радзіма,

Ты сонцам азоран,

І чайкай ляціць

Твая песня ў бязмеж.

←Как 100 лет назад учились на Пинщине, –

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика