Крытыкі пра "Пана Тадэвуша": недахопы і расчараванні
Пісьменніца Марыя Мартысевіч наконт таго, ці атрымалася пастаноўка, адказала TUT.BY, што "ў сучасным тэатры можна паставіць што заўгодна. На мой погляд, аўтар інсцэніроўкі мог бы смялей канвертаваць твор у драматургію. Калі б сцэнар пісала я, то, напрыклад, пераказала б прозай усе дыялогі, пакінуўшы дэкламацыю толькі ў лірычных водступах, якіх, дарэчы, у пінігінскай пастаноўцы амаль не было".
У сваёй рэцэнзіі на спектакль у "Новым часе" яна выказала думку, што спрацаваў эфект зацягнутага чакання. "У выніку механічнага скарачэння ад першакрыніцы ў спектаклі застаўся голы сюжэт, пададзены ў форме бясконцых, статычных дыялогаў. Гэта выглядае сумнеўным творчым рашэннем, паколькі магутнасць паэмы - далёка не ў сюжэце". Далей яна піша, што "спектакль атрымаўся вытанчаным, густоўным і падкрэслена пазбаўленым кічу, якім, на жаль, часта грашаць беларускія падмосткі".
Марыя Мартысевіч таксама падмеціла, што ў паэме няма пафасу, які нарэшце з'явіўся ў спектаклі: "Рэалізм як метад вымагае значна больш рэсурсаў - больш фінансаў, больш дэталяў, больш рэпетыцый, большай адданасці акцёраў. Быць творцам, значным для сённяшніх беларусаў, - гэта апераваць як мінімум падвойным кодам. Беларуская штодзённасць, мары, памкненні - урэшце рэшт, дух народа ніколі не ўкладваліся ў адназначныя схемы. Беларус - гэта па азначэнні супярэчліва".
Адна з самых моцных сцэн, на думку Марыі, набор у рэкруты: "Бязмоўныя рэкруты ў выкананні студэнтаў Акадэміі мастацтваў прабіваюць на нічым невытлумачальныя слёзы, а шляхта, таленавіта ўвасобленая найлепшымі акцёрамі краіны, заганяе ў сон добра пастаўленымі дыялогамі пра веліч радзімы".
На просьбу прадказаць лёс пастаноўкі ў Парыжы, куды збіраецца ехаць тэатр з "Панам Тадэвушам", Марыя сказала, што цяжка ўявіць сабе, як ён будзе гастраляваць, таму што такія грувасткія дэкарацыі даўно не ў трэндзе. Пряцягваючы думку, яна прыкінула, колькі будзе каштаваць прывезці "гэтую арку", ды яшчэ на рэйках. На яе думку, пастаноўка акурат у Францыі можа быць да месца, "бо ў іх рафінаваная тэатральная традыцыя. Пастаноўка Пінігіна, апроч усяго іншага, нагадала класіцыстычны тэатр Расіна ды Карнэля - магчыма, гэта і будзе ключом да парыжскай публікі".
Тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў патлумачыў, што "Пана Тадэвуша" трэба ўспрымаць менавіта ў кантэксце асветніцкага праекту. Ён згадзіўся, што такі матэрыял трэба асвойваць, і тое, што нацыянальны тэатр ставіць сабе такую задачу, цалкам лагічна. "Іншая справа, што аднаго спектакля тут, канешне, недастаткова. Патрэбны лекцыі, дыскусіі, прагляды фільмаў, публікацыі тэкстаў, зборнікаў, перакладаў, цалкам магчымы экскурсіі на радзіму Міцкевіча. Цікава ўспрымаць спектакль пачаткам вялікай асветніцкай праграмы", - дадаў Аляксей. Ён падкрэсліў цяжкасць перадачы ліра-эпічнага твора на сцэне сродкамі псіхалагічнага драматычнага тэатра: "Стваральнікі спектакля, на маю думку, пайшлі шляхам стварэння галерэі такіх акцёрскіх партрэтаў герояў паэмы. Глядач як бы знаёміцца з персанажамі, уводзіцца ў ідэйна-мастацкую структуру паэмы. Гэта яшчэ раз падкрэсліваецца тым, як акуратна было зроблена мастацкае афармленне спектакля (па сутнасці пустая прастора, з простымі строямі, якія спалучаюцца па колеры). Вельмі простыя мізансцэны. Акцёрам даюць магчымасць найперш данесці аўтарскі тэкст Міцкевіча".
Аляксей звярнуў увагу, што "Пан Тадэвуш" не спектакль-трактоўка і не спроба асучасніць паэму Міцкевіча, а хутчэй, спектакль-знаёмства: "Нам прапанавалі вярнуцца ў тую эпоху і больш уважліва паглядзець, калі на беларускіх землях адбываліся буйныя гістарычныя падзеі. Сапраўды, вось супрацьстаянне Францыі і Расіі, у якім вырашалася будучыня Еўропы, і тагачасная шляхта мела шанец паўплываць на расклад сіл, удзельнічала ў вялікай еўрапейскай палітыцы. На жаль, гэта вельмі і вельмі далёка ад таго, як мы сябе адчуваем зараз".
Педагог, доктар філалагічных навук, тэатральны крытык Таццяна Арлова адказала, што нягледзячы на моцную пастаноўчую групу Купалаўскага тэатра, ідэя твора не рэалізавана належна. "Адаптацыя твора да сцэны Сяргеем Кавалёвым вельмі не сцэнічна. Ён прафесіянал, але ў яго заўсёды доўгія, цяжкія тэксты. А сёння глядач мысліць інакш. Было б цудоўна адкрыць такі несцэнічны твор шырокаму гледачу сродкамі сучаснага тэатра. Пастаноўчая група можа гэта зрабіць, але ў гэтай пастаноўцы не атрымалася. Другі недахоп - няўменне большасці акцёраў думаць і данесці гэтую думку ў вершаванай форме. Гэта вялікае мастацтва, якім валодаюць майстры Купалаўскага - Генадзь Аўсяннікаў, Сяргей Журавель, Раман Падаляка", - адзначыла крытык. Таццяна Арлова прызналася, што яе засмуціла праца аднаго з яе любімых акцёраў - Паўла Харланчука ў галоўнай ролі: "Не зразумела, чаму назва пастаноўкі - "Пан Тадэвуш", таму што ў такім выкананні яго герой не стаў галоўным". "Магчыма, спектакль надта рана выпусцілі на суд гледача. У ім ёсть шмат момантаў, якія патрабуюць дапрацоўкі. Спектакль вельмі нагадвае оперу з яе мікшыраваннем опернай пафаснасці: адпрацаваў маналог і ўрачыста, выдаўшы руку ўперад, сыходзіш са сцэны. А гэта ж праца сур'ёзнага драматычнага тэатра, дзе шмат магчымасцей, якія не рэалізаваны", - разважае яна.
Тэатральны крытык Алена Мальчэўская выказала меркаванне, што "Пан Тадэвуш" не стаў актуальным, вострасацыяльным выказваннем, а без гэтага сучаснага тэатра не бывае: "У спектаклі няма відавочнай сувязі з днём сённяшнім, зразумелага адказу на пытанне, чаму сучаснаму беларусу ў 2014 годзе трэба ўспомніць гэту гісторыю, у чым яе актуальнасць? Чаму менавіта ў гэты момант рэжысёр звяртаецца да паэмы?". Моцным бокам спектакля яна назвала сцэнаграфію (мастак-пастаноўшчык - Зіновій Марголін, мастак па святлу Мікалай Суркоў. - TUT.BY): "Некаторыя сцэны - гэта ўвогуле візуальны тэатр, які ў Беларусі сёння прадстаўлены адзінкава. Але гэта ўсяго некалькі сцэн у пастаноўцы, а ў цэлым мова спектакля вельмі архаічная, часам гэта проста дэкламацыя паэмы са сцэны".
Наконт магчымага гастрольнага лёсу "Пана Тадэвуша" ў Парыжы крытык выказала думку, што хутчэй гэта будзе дыпламатычны паказ, і рэакцыя на яго будзе такой жа. "Гаворка не ідзе пра тое, што да нас прыедуць менеджары і адбяруць "Пана Тадэвуша" для праграмы якога-небудзь фестывалю - гэты спектакль для іх не актуальны, яго мова не сучасная. На добрыя іншаземныя гастролі мы не зможам яго прадаць па гэтых жа прычынах", - заключыла крытык.