Кнігі таксама лечаць
У ім кнігі — на любы густ: і дэтэктывы, і жаночыя раманы, і літаратура для дзяцей, шмат перыёдыкі. Абслугоўваюць міні-біб-
ліятэку Раіса Гракава і яе маладая памочніца Таццяна Брандзіна.
— Усяго ў нас тут каля паўтысячы экзэмпляраў кніг, — тлумачыць Гракава.—Адзін раз на тыдзень іх абнаўляем, выконваючы заказы чытачоў.
— І бяруць кнігі? — цікаўлюся.
— Яшчэ як! У бальніцы чытаюць усе — і малыя, і пажылыя, і начальства. Вось у мяне запісана ўжо 367 чалавек.
— А як з тымі, што не могуць хадзіць? Напрыклад, з хірургічнага аддзялення?
— Ім самі прыносім літаратуру. Сітуацыі бываюць розныя. Адна бабуля жаліцца: «Ай, дзетачкі, я б і пачытала з ахвотаю, ды акуляраў няма!» Такім ці самі пачытаем, ці суседзі па палаце. Знаходзілася на лячэнні неяк Ара Шпак, вельмі дружалюбная жанчына. То яна і ў голас чытала кнігі, і пераказ іх рабіла. Мы нават конкурс у адной палаце арганізавалі. Я ўжо ведаю, куды можна зайсці, куды — нельга. Медперсанал нам актыўна дапамагае, бо прыкмецілі, што кніга, як і лекі, спрыяюць выздараўленню, дапамагаюць хворым пазбаўляцца ад цяжкіх думак.
— Не ведаю, як бы я тут без кніг была? Толькі б ляжала і думала пра сваю хваробу, — прызнаецца пацыентка бальніцы Яўгенія Дылевіч. — Ад сябе асабіста і ад усёй нашай палаты выказваю шчырую ўдзячнасць дзяўчатам нашай бальнічнай бібліятэчкі.
А пачыналася ўсё так. Дырэктар цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Шаркаўшчынскага раёна Валянціна Касевіч і яе супрацоўніца Раіса Гракава пайшлі да галоўнага ўрача Шаркаўшчынскай ЦРБ Станіслава Стомы з прапановай адкрыць у новай бальніцы невялікую біб-
ліятэку для хворых. Той, чалавек разумны, адразу падтрымаў гэту ініцыятыву.
Пасля выхаду з бальніцы яе пацыенты становяцца пастаяннымі актыўнымі чытачамі цэнтральнай бібліятэкі гарадскога пасёлка ці сельскіх.
Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»
Фота аўтара