Наўздагон Калядам: “Каляднае падарожжа” па Чысці
З вялікім праваслаўным святам віншавалі чысцінцаў калядным вечарам работнікі Дома культуры і ўдзельнікі тэатральнай студыі “Матылёк”.
Ідэя правядзення Калядаў нарадзілася яшчэ да Новага года. Удзельнік тэатральнай студыі Вадзім Шыловіч разам са сваім кіраўніком Юліяй Араноўскай арганізавалі невялікую групу калядоўшчыкаў для мерапрыемства.
Іх падтрымалі кіраўнік аматарскага аб’яднання “Агітбрыгада” Ірына Тумель і кіраўнік вакальнай студыі Надзея Бойшанка, якая падабрала дзве калядныя песні для “падарожжа”. Часу на падрыхтоўку было няшмат.
Каб правільна развучыць і праспяваць песні ў тры галасы, даводзілася рэпеціраваць кожны дзень. Сімвалам свята стала калядная зорка, якая суправаджала калядоўшчыкаў на працягу ўсяго іх “падарожжа” па пасёлку.
– Дзверы адчынялі практычна ў кожным доме, – адзначае Юлія Араноўская. – Амаль паўсюль запрашалі ў дом. Песні і пажаданні людзі слухалі ўважліва ды з усмешкамі на твары, а некаторыя нават не маглі стрымацца ад слёз.
– У адным з дамоў гаспадыня Любоў адзначала дзень нараджэння, – прыгадвае Надзея Бойшанка. – Убачыўшы нас, госці здзівіліся і кінуліся з намі фатаграфавацца. А для імянінніцы мы спецыяльна выканалі віншавальную песню. Трохгадзіннае “вандраванне” скончылася каля дзесяці гадзін вечара. Усе вельмі стаміліся, але атрымалі велізарнае задавальненне, асабліва дзеці, якім засталося вельмі шмат рознай смакаты.
Налета калектыў Дома культуры абавязкова прыдумае нешта новае і цікавае, тым больш, што ахвотных убачыць іх яшчэ раз вельмі шмат.
Ягор БАРАШ, удзельнік аматарскага аб’яднання “Клуб журналістыкі”.