У Мінску адкрыюцца курсы "Мова нанова". Чакаюць нават тых, хто пакуль не можа звязаць двух словаў па-беларуску
Новыя курсы па беларускай мове, якія будуць праводзіць філолаг Алеся Літвіноўская і журналіст Глеб Лабадзенка, пачнуцца ўжо ў панядзелак 13 студзеня. Заняткі будуць ладзіцца ў сталічнай "Галерэі Ў" штотыднёва ад 19.00 да 21.00 гадзіны.
Новыя бясплатныя курсы "Мова нанова" збяруць усіх, хто хоча вывучыць мову ці проста "падцягнуць" свае ранейшыя веды. Арганізатары ўжо дамовіліся, каб на некалькі наступных заняткаў завіталі беларускамоўныя замежнікі. Гаворка ідзе пра амерыканца Курта Вулхайзера, што выкладае ў Гарвардзе і цудоўна валодае беларускай мовай; гішпанку Ангелу Эспіносу, што стала вядомая беларусам калі заспявала песню "Пагоня" (на словы Максіма Багдановіча) і "Малітву" (на словы Янкі Купалы). Таксама ў "Галерэю Ў", па словах Глеба Лабадзенкі, на адзін з заняткаў завітае таемны госць - "швед, які добра ведае беларускую мову".
"У нас сабралася вельмі шмат напрацовак для вывучэння мовы, таму таксама вырашылі сабраць іх на асобным сайце курсаў movananova.by. Сайт ужо напоўнены інфармацыяй і чакае свайго запуску ў панядзелак. З яго дапамогай матэрыялы змогуць атрымаць не толькі студэнты курсаў, але і ахвотнікі з гарадоў і мястэчак, калі захочуць арганізаваць свае заняткі. А калі знойдуцца такія энтузіясты, то мы гатовыя прыехаць, падтрымаць і падзяліцца досведам", - распавёў парталу TUT.BY Глеб Лабадзенка.
Як адзначаюць арганізатары курсаў, заняткі прысвечаныя не толькі мове і будуць далучацца матэрыялы па гісторыі, культуры і мастацтву Беларусі. Для цікавейшай прэзентацыі запрошаны знаўцы з кожнай галіны:
"Да прыкладу, завітае пісьменнік Уладзімір Арлоў, музыка Лявон Вольскі і бард Віктар Шалкевіч. Генадзь Бураўнік раскажа, як ствараў беларускамоўнае тэлебачанне і быў яго кіраўніком 12 год. Прыйдзе на курсы і філосаф Валянцін Акудовіч. Вядомы тэатральны крытык Вячаслаў Ракіцкі равязе дыскусію наконт сучаснага беларускага тэатру. Завітаюць да нас і беларускамоўныя пекары, прадпрымальнікі, лекары, інтэрнэтнікі, праграмісты, дызайнеры, музейнікі. Усе гэта дзеля таго, каб паказаць, што па-беларуску можна размаўляць на любыя тэмы, а не толькі на тэму філалогіі і літаратуры. Нават у нашых СМІ ёсць цікавая тэндэнцыя, калі па-беларуску даюцца культурніцкія матэрыялы, а вось пра нешта сур'ёзнае - эканоміку ці грамадства, у нас пішуць па-руску. Хочам гэты стэрэатып разбурыць".
По словах Глеба Лабадзенкі, на курсы могуць прыходзіць нават тыя людзі, што "двух словаў па-беларуску звязаць не могуць". Журналіст адзначыў, што паводле назіранняў, для навучання гэта не з'яўляецца асаблівай перашкодай.
Праект "Мова ці кава", дзе раней амаль год выкладалі Лабадзенка і Літвіноўская, працягне сваю працу, але ўжо без іх.