У абарону Музея Багдановіча чыталі вершы
Грамадская акцыя ў падтрымку Музея Максіма Багдановіча прайшла 16 снежня ў Мінску.
Як вядома, Міністэрства культуры прыняло рашэнне аб рэарганізацыі музея — яго плануюць пазбавіць самастойнасці і далучыць у якасці філіяла да Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Грамадскаць лічыць, што гэтае рашэнне будзе шкодным дзеля вывучэння і захавання спадчыны класіка.
Сёння ўвечары прайшла першая з серыі плануемых акцый у абарону Музея Багдановіча. На ганку музея вядомыя прадстаўнікі беларускай культуры і грамадства чыталі вершы паэта.
У чытаннях узялі ўдзел пісьменнік Уладзімір Арлоў, перакладчык Лявон Баршчэўскі, мастак Алесь Марачкін.
Мастак Алесь Марачкін
За чытаннямі сачылі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Адзін з іх здымаў падзеі на камеру, другі растлумачваў, што мерапрыемства незаконнае і для яго правядзення неабходны дазвол Мінгарвыканкама, паколькі ўдзельнікі чытанняў парушаюць закон аб масавых мерапрыемствах.
Міліцыянеры прапанавалі ўдзельнікам акцыі правесці чытанні ў будынку музея, які ў гэты час ужо не працаваў.
Асвятляць акцыю прехала недзе с паўтара дзесятка журналістаў. Супрацоўнікі міліцыі забаранілі весці фота- і відэаздымку. Аднак прадстаўнікі СМІ, здаецца, гэты загад не пачулі.