Полацкі музыкант навучыў Дзіяну Арбеніну правільна спяваць па-беларуску
Ігару 20 год, ён завочна вучыцца ў Інстытуце журналістыкі БДУ і працуе ў газеце "Полацкі веснік". А ў вольны час захапляецца рок-музыкай: піша песні, грае на гітары і спявае ў гурце "Горад N", які быў створаны ў Полацку ў 2009 годзе і ўжо паспеў заявіць пра сябе на айчынных і замежных фестывалях.
Да творчасці Арбенінай малады музыка ставіцца з асаблівай пашанай. Распавядае, што ўсё пачалося з Бродскага. Аднойчы пачуў, як зорка расійскага року спявала на словы любімага паэта. Потым паслухаў яе дыск і зразумеў, што захапленне - на ўсё жыццё. Бо Дзіяна - цікавая, шматгранна таленавітая асоба, тэксты яе песень напоўненыя глыбокім сэнсам, а канцэрты - неверагоднай энергетыкай.
А яшчэ палачаніну вельмі імпануе цёплае стаўленне спявачкі да Беларусі і беларусаў. Яна нарадзілася ў Валожыне, потым сям'я пераехала ў Барысаў, бацька і цяпер жыве ў Мінску. У інтэрв'ю Дзіяна прызнаецца, што адчувае настальгію па радзіме, бо з цягам часу кожнага чалавека ўсё больш цягне да сваіх каранёў.
Магчыма, гэтае кранальнае пачуццё адыграла сваю ролю і ў гісторыі з Ігарам Палынскім. Пачуўшы пра тое, што лідар "Начных снайпераў" збірае дзеля юбілейнага канцэрта адмысловы "Снайперскі хор", ён, вядома ж, не прамінуў падаць туды заяўку. І не проста быў запрошаны на праслухоўванне, а прайшоў адбор і здолеў уразіць Арбеніну.
- Што будзем слухаць? - запытала яна.
- Напэўна, тое, што вы часта выконваеце на канцэртах у Беларусі, - адказаў Ігар. - "Засіялі зоркі, заспявалі пеўні, зашумеў зялёны лес".
Урэшце рок-зорка пачала яму падпяваць, а пазней сказала: "Ён зацягнуў, і мне было так прыемна, проста немагчыма!". Больш таго, менавіта гэты хлопец навучыў яе правільна выгаворваць наступныя радкі песні: "Вось (а не вот, як спявала расійская беларуска - Л. М.) яна якая, наша доля". Пакуль што доля яму спрыяла, таму Ігар папрасіў Арбеніну сфатаграфавацца разам і нават сціпла запытаў: "А можна вас узяць за руку?". І палачанін павёз дадому сімвалічны для яго фотаздымак. А потым зноў паехаў у Маскву на рэпетыцыі, якія ўрэшце завяршыліся грандыёзным канцэртам у клубе Crocus City Hall.
- Мы стаялі і спявалі на адной сцэне - "Начныя снайперы" і хор са ста чалавек. Перад залай, што па колькасці змяшчае дзясятую частку Полацка. Раней Дзіяна Арбеніна была для мяне недасягальна касмічнай, а цяпер мы пазнаёміліся з ёю як з простым, шчырым, сапраўдным чалавекам, - гаворыць Ігар.
І ўспамінае, як яна плакала ад светлых пачуццяў на апошняй рэпетыцыі. Бо толькі дзеля таго, каб сабраць такіх творчых і высокакультурных прыхільнікаў, а потым здзейсніць з імі такі феерычны праект, варта было чакаць 20 гадоў.
Палачанін падарыў Дзіяне Арбенінай медыятар для гітары, а яна паабяцала ім паіграць. Іншыя ўдзельнікі "Снайперскага хору" таксама прыхільна паставіліся да Ігара, прасілі яго пагаварыць па-беларуску і захапляліся меладычнасцю нашай мовы. Дарэчы, і ў сям'і, і ў сяброўскім асяродку наш герой карыстаецца беларускай мовай. Лічыць, што гэта лагічна і натуральна для беларуса. Жонка Дар'я падзяляе такія перакананні.
- Калі-небудзь хацелася б спець з Арбенінай дуэтам, - працягвае марыць Ігар. І гэта не проста мара, бо ён збіраецца ўпарта працаваць над сабой, удасканальвацца, каб дасягнуць узроўню свайго куміра.
Творчы псеўданім - Вожык - Ігар Палынскі таксама пазычыў з песні "Начных снайпераў". Гэты вобраз для яго азначае шчырасць і сапраўднасць. У жыцці малады чалавек імкнецца быць справядлівым і грунтоўным, не любіць крыўдзіць людзей, а калі памыліўся, абавязкова просіць прабачэння. Жартуе, што ягоны Вожык - дэкаратыўны, з мяккімі калючкамі. Але ён не зварочваецца ў клубок пры любой небяспецы, не хаваецца ад праблем і стараецца дасягаць сваёй мэты.