«Заслаўскі сшытак»
Славуты аркестр прадставіць слухачам новыя і забытыя старонкі беларускай музычнай спадчыны
Заслужаны калектыў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі рыхтуецца да чарговага свята музыкі ў старажытным Заслаўі. У гэтым горадзе яно будзе ўжо чатырнаццатым па ліку і, як заўсёды, абяцае багатую творчую праграму.
Як паведамілі ў аркестры, па традыцыі пачатак музычна-асветніцкай імпрэзе дасць абласны конкурс юных выканаўцаў «Заслаўскі сшытак», які пройдзе ў мясцовай дзіцячай школе мастацтваў. Там жа адбудзецца канцэрт беларускай харавой музыкі ў выкананні вакальнага ансамбля Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі.
Майстар-клас правядуць карыфеі беларускай музычнай культуры заслужаны дзеяч мастацтваў, доктар навук, прафесар Уладзімір Скараходаў, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Мікалай Волкаў, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава. З канцэртнай праграмай выступяць камерныя калектывы аркестра — струнны квартэт, ансамблі трубачоў і флейтыстаў. Адкрыецца мастацкая выстава «Беларускі краявід».
Цэнтральнай падзеяй музычна-асветніцкага свята ў Заслаўі стане выкананне спецыяльна падрыхтаванай аркестрам новай праграмы пад назвай «Упершыню на Радзіме: Беларускі гукасвет залатога кола Міншчыны». Яна прысвечана выдатным кампазітарам Міншчыны, у тым ліку народнаму артысту БССР і СССР, кампазітару Яўгену Цікоцкаму, 100-годдзе якога адзначаецца сёлета.
Выбар праграмы не выпадковы і сімвалічны. Заслаўскім святам адкрываецца штогадовы цыкл музычна-асветніцкіх імпрэз, якія праводзяцца аркестрам у так званых малых гарадах краіны. На працягу шэрага гадоў гэты фестывальны рух ахапіў усе вобласці Беларусі. Творча аб’яднаны з ім і гарады Міншчыны — Нясвіж, Заслаўе, Маладзечна, Любань, Чысць.
У завяршэнне заслаўскай імпрэзы музыканты славутага аркестра і яго мастацкі кіраўнік, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі і прэміі Саюзнай дзяржавы, ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці, прафесар Міхаіл Фінберг гасцінна запросяць на канцэрт сучаснай папулярнай песні «Сузор’е любімых мелодый».
Свята музыкі «Заслаўе-2014» адбудзецца 24 студзеня і традыцыйна ладзіцца Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі пры падтрымцы Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і Мінскага раённага выканаўчага камітэта.