Пяць вечароў
У філармоніі пачынаюцца канцэрты ў гонар 80-годдзя Беларускага саюза кампазітараў
Снежаньскую афішу Белдзяржфілармоніі ўпрыгожаць пяць музычных вечароў, у праграме якіх прагучаць творы айчынных аўтараў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў заслужаны артыст Беларусі мастацкі кіраўнік установы Юрый Гільдзюк.
Святкаванне юбілею пачнецца cёння. У выкананні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава прагучыць музыка Анатоля Багатырова, Яўгена Глебава, Сяргея Картэса, Андрэя Мдзівані, Вячаслава Кузняцова, Ганны Кароткінай і іншых беларускіх кампазітараў. Праграма стане своеасаблівай анталогіяй самых важных, значных і яркіх твораў апошніх дзесяцігоддзяў.
Беларускі саюз кампазітараў створаны ў 1933 годзе. Сёння ў ім налічваецца амаль 130 аўтараў.
Па словах кансультанта Упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі Таццяны Пархамовіч, як і раней, дзяржава надалей будзе падтрымліваць беларускую кампазітарскую школу. Існуе і працягвае работу Мастацкі савет Міністэрства культуры па набыцці новых твораў беларускіх аўтараў, на якія вылучаюцца бюджэтныя сродкі. У 2011 годзе на гэтыя мэты было выдзелена Br 163 млн., у 2013-м сума складае Br 260 млн.
— Гэта канкрэтная адрасная пад-трымка. Ёсць і іншыя напрамкі, па якіх дзяржава дапамагае, у тым ліку вылучэнне на дзяржаўныя ўзнагароды, прызначэнне стыпендый, надбаўкі, — сказала Таццяна Пархамовіч.
Яна звярнула ўвагу на тое, што ў гэтым годзе, які праходзіць пад эгідай 80-годдзя Беларускага саюза кампазітараў, усе вядучыя калектывы і выканаўцы надалі асаблівую ўвагу выкананню айчыннай музыкі. Правядзенне юбілею знаходзіцца на кантролі дзяржавы. Зацверджаны план мерапрыемстваў па ўсёй рэспубліцы. Асабліва адзначыла Таццяна Пархамовіч дзейнасць Бел-дзяржфілармоніі, у сценах якой штогод гучыць не менш двухсот твораў айчынных аўтараў розных жанраў. Паводле яе слоў, нельга сказаць, што беларускія аўтары пішуць у стол. Практычна ўсе новыя творы купляюцца дзяржавай і выконваюцца.