Не менш ураджайная за Болдзінскую
З цягам часу да фестывалю прымеркавалі ўручэнне абласной літаратурнай прэміі імя беларускага пісьменніка Уладзіміра Калесніка. Дарэчы, аналагаў такой прэміі ў іншых абласцях Беларусі пакуль не існуе. Традыцыйна на фестывалі падводзяцца вынікі абласнога конкурсу творчых і літаратурна-даследчых работ сярод школьнікаў. Сёлета яго тэмай стала творчасць Ніны Мацяш, якой у гэтым годзе споўнілася бы 70 гадоў. Адной з пераможцаў конкурсу стала адзінаццацікласніца Мотальскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна Наталля Данілевіч з вершам, прысвечаным Ніне Мацяш.
— Паэзія — гэта толькі адно з маіх захапленняў, хобі, — гаворыць Наталля. — А жыццё сваё, прафесійную дзейнасць я мару звязаць з журналістыкай. Збіраюся паступаць у Інстытут журналістыкі БДУ, пішу артыкулы для раённай газеты «Чырвоная звязда». І ўдзел у фэсце — яшчэ адна прыступка для здзяйснення мары.
Падставы для такіх меркаванняў Наталля мае вельмі сур’ёзныя: фестываль даў шлях у жыццё многім таленавітым юнакам і дзяўчатам. Шасцёра маладых пераможцаў конкурсу творчых і літаратурна-даследчых работ розных гадоў — Настасся Сідорка з Жабінкі, Вольга Курдзюмава з Пінска, Алена Дзебіш з Брэста, Настасся Нарэйка з Камянца, Маргарыта Латышкевіч, якая зараз жыве ў Мінску, — выдалі свае літаратурныя зборнікі. У некаторых выйшла нават не па адной кнізе.
Уручэнне прэміі імя Уладзіміра Калесніка стымулюе на творчасць сталых пісьменнікаў. Напрыклад, Валерый Гапееў, які атрымаў прэмію за сваю кнігу «Пастка на рыцара», з таго часу актыўна ўзяўся за пяро. Зараз штогод ён выдае кнігу, а то і дзве. Пісьменнікі Берасцейшчыны таксама пазнаёміліся з работай Вулькаўскага вясковага цэнтра культуры і народнай творчасці, пабывалі ў Лунінецкай бібліятэцы, раённай школе мастацтваў, усклалі вянок да помніка Якубу Коласу.
Юлія БАЛЬШАКОВА, «БН»
Фота аўтара