Маладзечанская "Батлейка" пакажа няпростую казачку пра зверанят

Источник материала:  

Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка” да 24 лістапада рыхтуе прэм’еру спектакля “Церамок”.

– Здавалася б, якая тут задума? – кажа галоўны рэжысёр Мікалай Андрэеў. – Скажы любому чалавеку “Церамок”, і ўсе пачынаюць: “Ой, казачка! Пра зверанят”. Хаця інтэрпрэтацый у казкі можа быць вельмі шмат.

“Батлейка” абрала для сябе версію рускага драматурга Самуіла Маршака.

– Падаецца, звычайная казка, – працягвае спадар Мікалай. – Мышкі, пеўнікі, вожыкі, воўк, ліса, заяц… Але ў Маршака наперадзе філасофская думка. Ён бярэ дабро і зло і паказвае іх праз двух дзядоў, якія распавядаюць дзецям казку. У нашым варыянце дзяды і расказваюць, і іграюць. Толькі ў нас у тэатры народ малады, дзядоў няма, таму мы іх ператварылі ў двух клоўнаў.

– У чым жа філасофія?

– Мы не проста раскажам дзецям казку, а будзем імкнуцца зрабіць так, каб яны акунуліся ў філасофію ўзаемаадносін дабра і зла. Чаму адны героі злыя? Чаму іншыя – добрыя? Я вельмі люблю, калі ў тэатры ігра пераплеценая з нармальным спакойным апавяданнем. Гэта ўцягвае гледачоў, ад гэтага яны проста ў захапленні.

У галоўных ролях

Роля сумнага клоўна дасталася вядучаму майстру сцэны Міхаілу Асановічу. Ён іграе ў “Батлейцы” ўжо цягам 19 гадоў. А вясёлага – маладому акцёру Дзянісу Валахановічу.

Дзяніс прыйшоў у тэатр сёлета пасля заканчэння навучання акцёрскаму майстэрству ў каледжы гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна. “Церамок” – яго першая прэм’ера на сцэне “Батлейкі”. Аднак роля – зусім не.

– Клаўнаду люблю з дзяцінства, – прызнаецца Дзяніс. – Калі быў маленькі, смяшыў дарослых, капіраваў галасы знакамітасцяў ды суседзяў. Нават гісторыю магу расказаць…

Як здабывалі аўтамат

Быў у майго суседа па інтэрнаце дзед. Сусед, Ягор, паехаў на лецішча, а дзед застаўся. І вось мы неяк з сябрамі пайшлі гуляць у вайну. Раптам успомнілі, што ў Ягора ёсць класны аўтамат, але ж Ягора няма. Вырашылі, што калі я пачну размаўляць голасам Ягора, то раздабудзем аўтамат. Тады нават і не падазравалі, што некалькі сем’яў з інтэрната чулі пра нашы планы, але маўчалі і назіралі. Карацей, пагаварыў я з дзедам голасам яго ўнука, той перапужаўся і вынес нам аўтамат. Суседзі рагаталі доўга.

– Калі ўпершыню пабачыў клоўнаў?

– У мінскім цырку. У школе потым увесь час выдумлялі нейкія фокусы, паўтаралі за клоўнамі. Я ўсё гэта арганізоўваў. Потым у каледж паступіў, таксама гэтай справы не кінуў. Але разумею, што да сапраўднай клаўнады мне яшчэ ой як далёка.

– Ці сышоўся вобраз твайго клоўна з тым, што ў спектаклі?

– Праводзіць дзіцячыя святы ў вобразе клоўна – адно. Там больш клоўн-арганізатар. Тут жа трэба быць сапраўдным клоўнам-хуліганам. Даўненька я не хуліганіў, мабыць, з класа 9-га. Вось і цяжка пераскочыць. Ды і досведу ў тэатры мала. Міша тут усё як семкі шчоўкае, а мне даводзіцца цяжкавата.

Па-беларуску ці па-руску


Спектакль “Церамок” будзе ісці на рускай мове. На думку галоўнага рэжысёра Мікалая Андрэева, спектакль трэба ставіць на мове арыгінала тэксту п’есы.

– Апошнім часам мяне вельмі моцна турбуе нядобрая тэндэнцыя, калі падчас прагляду беларускамоўнага спектакля падыходзяць бацькі і кажуць, што “дзіцяці не зразумець”. На рускія спектаклі больш ходзяць. Аднак пакуль у тэатры рускамоўных спектакляў менш за палову. Прыходзьце да нас – у тэатры заўсёды весела. Пасля спектакля ўвогуле шаленства – танцы ды гульні. Я заўсёды кажу: “Дзеці, вы прыйшлі ў тэатр, дзе можна рабіць усё, што хочацца, – бегаць, скакаць, але пасля спектакля. На спектаклі мы сядзім і слухаем”.

Настасся РОЎДА.

Фота praznenstva.com, Уладзіміра АСТАХНОВІЧА.

←Петр Елфимов победил в третьем этапе шоу «Голос»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика