Някляеў: разам з Барадуліным кнігу «Вушацкі словазбор» напісала ўся Беларусь

Источник материала:  
15.11.2013 22:23 — Новости Культуры

15 лістапада ў мінскай кнігарні "ЛогвінаЎ" адбылася прэзентацыя новай кнігі Рыгора Барадуліна "Вушацкі словазбор", якая стала 47-м выпускам серыі "Кнігарня пісьменніка" Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў.

У вечарыне бралі ўдзел Генадзь Бураўкін, Наталля Давыдзенка (укладальніца кнігі), Алесь Камоцкі, Уладзімір Някляеў (аўтар прадмовы), Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч і Кастусь Цвірка (рэцэнзент выдання) ды іншыя літаратары, шматлікія аматары роднай мовы.

"Вушацкі словазбор" — спроба сабраць за адным бяседным сталом хоць крышачку непераўзыдзенага шматгалосся роднае мне зямлі, шматгалосся, якое, на жаль, пачынае глухнуць", — піша Рыгор Барадулін ва ўступным слове да кнігі, прысвечанай "Светлае памяці мамы Куліны".

"Гэта паэт, які не адно дзесяцігоддзе высока-высока кружляе ў небе беларускай паэзіі, — адзначыў у інтэрв'ю БелаПАН паэт Уладзімір Някляеў. — Вышэй за ўсіх. Але нават для такой вышыні, на якую ўзняўся Рыгор Барадулін, бываюць яшчэ большыя вышыні. І сёння — адна з іх, прэзентацыя ягонай кнігі "Вушацкі словазбор". Яна — нібыта не толькі ягоная, гэтую кнігу разам з ім напісалі ўсе ягоныя ўшацкія родныя, крэўныя людзі, уся Беларусь. <…>

Рыгор Барадулін — найвыбітная, наймаштабная постаць наогул у сённяшнім беларускім свеце. Таму што ні ў якай іншай галіне дзейнасці ніхто з беларусаў не дасягнуў такіх вынікаў, якіх праз паэзію дасягнуў Барадулін. І калі б наша дзяржава будавалася па тых законах гармоніі, па якіх стварае свае вершы і паэмы Рыгор Барадулін, гэта была б ідэальная беларуская дзяржава. Якой, дарэчы, і з'яўляецца беларуская мова ў сям'і еўрапейскіх моў".



Андрэй КОРСАК
←В Лионе открылась выставка белорусской художницы Ольги Демкиной-Пассот

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика