У лідара "Ляпісаў" Сяргея Міхалка нарадзіўся сын
Сёння ў 14.30 па мінскім часе ў Сяргея Міхалка, лідара групы "Ляпіс Трубецкой", і артысткі Купалаўскага тэатру Святланы Зелянкоўскай нарадзіўся сын. Хлапчуку ўжо далі імя Макар. Аб гэтым паведамляе афіцыйная суполка групы ў "Вконтакте".
Хлопчык вагой 3,3 кг і ростам 53 см нарадзіўся сёння ў Мінску.
Як паведаміў парталу TUT.BY музычны журналіст Дзмітры Безкаравайны, Сяргей Міхалок яшчэ не бачыў свайго сына. Да канца тыдню ў артыста запланаваныя канцэрты на кожны дзень. Да слова, заўтра канцэрт "Ляпісаў" пройдзе ў Кастраме.
Нагадаем, што 30 лістапада група "Ляпис Трубецкой" збіраецца прэзентаваць у Вільні новы, цалкам беларускамоўны альбом "Грай". Квіткі на канцэрт раскупленыя даўным даўно. Выкупленыя і ўсе білеты на зручныя цягнікі. Для таго ж, каб усе прыхільнікі групы змаглі дабрацца на канцэрт з Мінска, "Мінсктранс" афіцыйна арганізаваў 10 дадатковых аўтобусаў.
Тыдзень таму СМІ паведамлялі пра тое, што падчас туру Сяргей Міхалок сарваў голас. З-за гэтага тры канцэрты ў Расіі былі перанесеныя на іншыя даты. Аказаўся пад пагрозай і выступ Міхалка ў Вільні, аднак па гэтым пытанні аніякіх афіцыйных заяў пакуль не было.