Лялькі ад Ганны Балаш: з сэрцам і душой

Источник материала:  

У сэрцы кожнай лялькі схаваная запіска

Аўтарскія лялькі Ганны Балаш знаходзяцца ў прыватных калекцыях Вялікабрытаніі, Францыі, Амерыкі і ў прэстыжных галерэях ды музеях свету. Але каб пабачыць іх, так далёка вілейчанам ехаць не трэба.

Да 17 лістапада ў выставачнай зале імя Сілівановіча мясцовага музея праходзіць выстава  Ганны Балаш.

Творца скончыла тэатральна-мастацкі інстытут. Працавала мастаком па касцюмах ў кінавытворчасці. Яна – вядомы майстар аўтарскіх лялек, дэкаратар, дызайнер. 

Кожную ляльку Ганна Балаш стварае некалькі месяцаў. Галовы іх зробленыя з фарфору, лялькі апранутыя ў сапраўдныя касцюмы. Тканіны для іх Ганна набывае за мяжой падчас выстаў – і аддае перавагу тканінам з гісторыяй. Напрыклад, касцюм адной  з лялек створаны з французскай тканіны ХІХ стагоддзя.

– Кожная яе лялька мае душу і сэрца, – расказвае старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Коласава. – Чаму душу? Бо аўтар сапраўды ўкладвае ў работу сваю душу: лялька нараджаецца бы дзіця. Кожнай з іх Ганна Балаш абавязкова ўшывае сэрца з шоўку, аксаміту ці кардону. Піша запіску. Што напісана у ёй – тайна. І зашывае. А яшчэ кожная лялька Ганны Балаш мае незвычайнае імя, кожнай з іх дорыць ўпрыгажэнні.


 

І хоць Ганна Балаш мінчанка, там і нарадзілася, але мае вілейскія карані. У дзяцінстве часта бывала ў бабулі з дзядулем у Вілейцы. І зараз любіць прыязджаць сюды ў старадаўнюю хату продкаў.

– Гэта, напэўна, самая адказная для мяне выстава за амаль 50 год майго жыцця, прызнавалася творца на адкрыцці выставы ў Вілейцы. – Таму што я ў сваім родным краі, перад сваімі роднымі людзьмі. Тут ты не схаваешся, не зможаш нічога прыдумаць: стаіш такая, якая ты ёсць. Тут цябе ведаюць з зусім малога ўзросту.

І выставачную залу майстрыха памятае. Прыгадала, што тут раней быў магазін цацак, які так любіла наведваць у дзяцінстве. Падзялілася, што як зайшла сюды, то час быццам перавярнуўся.

Выстава лялек выклікае цікавасць у вілейчан – асабліва ў дзяцей.

– Падобныя лялькі яны бачаць упершыню, – кажа Вольга Коласава. – І ім так цікава даведацца, з чаго яны зробленыя, якія ў іх чаравічкі.

Асаблівы каларыт лялькам прыдаюць экспанаты з фондаў вілейскага музея: прыгожы разны столік, люстэрка, чамаданы, насценны гадзіннік.

                                                                        


Апроч лялек тут прадстаўлены карціны Ганны Балаш. Адна з іх называецца “Вяртанне”. На ёй – бы тая хатка ў Вілейцы, у якую аўтарцы так хочацца вяртацца.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.

 

←Хочется жить. Чтобы снова возвращаться…

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика