Са школы Драздовіча выйдуць мастакі і патрыёты

Источник материала:  
Гэта падзея прымяркавана да 125-годдзя мастака Язэпа Драздовіча, імя якога носіць установа.

Школа была адкрыта 5 год таму па ініцыятыве раённага аддзела культуры. Яе дырэктарам стала Жана Балабуева, таленавіты і нераўнадушны чалавек, якая да гэтага вяла ўрокі па мастацтву ў Доме піянераў і мела сваю прыватную студыю.

У школе — 4 класы. У кожным — па два паралельныя. Ёсць яшчэ падрыхтоўчы. Усяго займаюцца каля сотні хлопчыкаў і дзяўчынак. Прыходзяць яны сюды ў 10- і 12-гадовым узросце. Навучанне працягваецца 5 год.

Настаўнікі — былыя выхаванцы Жаны: Вольга Бурэнь выкладае малюнак, а Юрый Калбасіч — жывапіс. Сама дырэктар вядзе кампазіцыю. Акрамя таго, на факультатыўных занятках вывучаецца бацік — уменне маляваць па тканіне — і пластылінаграфія (малюнкі з пластыліну).

Нягледзячы на юны ўзрост, Глыбоцкая дзіцячая школа мастацтваў паспела «засвяціцца» на міжнародным узроўні: яе вучні разам са сваімі аднагодкамі з Лудзінскай школы з Латвіі стварылі мультфільм аб тым, як Несцерка і Прыдзіціс шчасця шукалі. Гэта карціна была адзначана прызам «За дэбют» на міжнародным фестывалі хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат-2010». Сёлета прадстаўнікі дзвюх школ пачалі работу над другім праектам — стварэннем кніжкі-маляванкі па матывах творчасці беларускага мастака Язэпа Драздовіча і латвійскага — Кукайса.

Двойчы ў год вучні школы выстаўляюць найбольш значныя свае работы ў гарадскім Цэнтры культуры. А яшчэ па просьбе сялян яны рабілі эскізы малюнкаў для афармлення фермаў і жывёлагадоўчых пакояў.

Школа размяшчалася ў старым будынку былой дзіцячай бібліятэкі, дзе не было ніякіх умоў. Нават за вадой хадзілі да калонкі. Улічваючы гэтыя акалічнасці, усяго за паўгода быў зроблены капітальны рамонт будынка. Карацей кажучы, аб’ект «нарадзіўся» нанова: замянілі дах, столь, падлогу, вокны, уцяплілі сцены. Унутры абсталяваны тры цудоўныя пакоі для заняткаў, настаўніцкая, фае і два санвузлы. Пабудавана новая кацельня. Рэканструяваны аб’ект на сродкі бюджэту, чаму паспрыяў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка.

 Учора абноўленая Глыбоцкая дзіцячая школа мастацтваў імя Язэпа Драздовіча была адкрыта. Ганаровае права перарэзаць чырвоную стужку прадаставілі Уладзіміру Андрэйчанку і старшыні Глыбоцкага райвыканкама Алегу Морхату.

— Зусім не важна, дасць школа вялікіх мастакоў, іншых дзеячаў культуры ці не. Самае галоўнае — адсюль выйдуць цудоўныя людзі, сапраўдныя патрыёты сваёй Радзімы! — падкрэсліў спікер беларускага парламента.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

←Кинофестиваль "Лістапад" является украшением всей Беларуси - Светлов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика