Класіка нямога кіно пад сучасную музыку
Так, 3 лістапада ў кінатэатры «Перамога» адбудуцца тры паказы беларускага нямога кіно пад жывы музычны акампанемент. Гэта «Кастусь Каліноўскі» (1927, рэжысёр Уладзімір Гардзін), «Прастытутка» (1926, рэжысёр Восіп Фрэліх) і «У агні народжаная» (1929, рэжысёр Уладзімір Корш-Саблін). Кожная з трох стужак уяўляе вялікі інтарэс для аматараў кіно. У савецкай прэсе фільм «Кастусь Каліноўскі» называлі «беларускім баевіком». Карціна «У агні народжаная» была знята да 10-годдзя БССР. Яна дае ўнікальную магчымасць паглядзець вачыма савецкіх прапагандыстаў на падзеі 1919—1920 гадоў, калі вялася барацьба за незалежнасць краіны. Сацыяльна-побытавая драма «Прастытутка» дзеліць разам з фільмам «Лясная быль» Юрыя Тарыча статус першага беларускага кінафільма. У ёй распавядаецца, як змагаліся з прастытуцыяй у першыя гады савецкай улады.
Падрыхтавала Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»