У Смаргонскім музеі можна пабачыць сапраўдную мэблю 19 стагоддзя
У Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі ад 24 кастрычніка на другім паверсе працуе выстава “Міхал Клеафас Агінскі ў Залессі”.
У музеі можна пазнаёміцца з гісторыяй сям’і Агінскіх, самога Міхала Клеафаса, гісторыяй сядзібы і парку. Карціны, фотаздымкі і іншыя экспанаты перадаў смаргонскаму музею старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны. Ён нарадзіўся ў Смаргоні, таму даўно дапамагае музею і перадае бясплатна каштоўныя экспанаты.
На выставе таксама прадстаўленая сапраўдная мэбля 19 стагоддзя: чатыры крэслы, два фатэлі, пазалочаны падсвечнік і пасярэбраныя кандэлябры.
Мэбля прывезеная з Францыі і перададзеная смаргонскаму музею праз Брэсцкую таможню.
Цяпер яе можна пабачыць у такім выглядзе, у якім яна захавалася. Пасля мэблю адрэстаўруюць і перададуць музею, які пачне працаваць ў сядзібе Агінскіх недзе ў 2015 годзе.
Пра гэта расказала “РГ” дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Любоў БЕЛУШ.
Настасся РОЎДА.
Фота wikimedia.org