Фартэпіяна. Гісторыя аднаго экспаната івянецкага музея
Цікавай і багатай біяграфіяй аднаго з экспанатаў музея – фартэпіяна – падзялілася з “РГ” дырэктар Івянецкага музея традыцыйнай культуры Валянціна Адамовіч.
− Першапачаткова інструмент належаў спадару Лыншы, які жыў ў вёсцы Далідавічы. Асоба Лыншы цікавая сама па сабе. Ён быў мастаком-самавучкам, яго карціны захаваліся і сёння. У вёсцы разбіў вялікі гадавальнік садовых дрэў, быў адмысловым пчаляром.
Набыў інструмент у вёску адразу ж пасля вайны, − далёка не кожны мог сабе такое дазволіць, пагадзіцеся. Набывалася фартэпіяна для ўнука гаспадара, Чэслава Лыншы, які зараз вядомы як выкладчык Акадэміі музыкі па класе фартэпіяна ў польскім горадзе Познань. Ці не дзякуючы падарунку дзеда ўнук стаў вядомым піяністам?
Гэтага інструмента таксама краналася рука яшчэ аднаго нашага знакамітага земляка − Канстанціна Паплаўскага, хормайстра, аднаго са стваральнікаў Беларускага дзяржаўнага народнага хору, бацькі спявачкі Ядвігі Паплаўскай. Ён быў сваяком сям’і Лынша.
Гісторыя інструмента цікавая яшчэ тым, што гэта адзін з самых першых музычных інструментаў, які выпусціла Барысаўская фабрыка піяніна.
Доўгі час фартэпіяна прастаяла на вуліцы, пад дажджом і снегам, але супрацоўнікі музея і наш івянецкі наладчык Валеры Лапыцька падарылі яму другое жыццё. Цяпер інструмент знаходзіцца ў рабочым стане, цудоўна гучыць.
Мяркуем, што фартэпіяна “Беларусь” спадара Лыншы зойме пачэснае месца ў нашым новым музеі местачковага побыту. Канешне, пакуль рана гаварыць пра яго адкрыццё, але, хочацца верыць, што гэта ўсё ж стане магчымым.
Зараз фартэпіяна знаходзіцца ў музейнай майстэрні і чакае жывых канцэртаў, якія мы абавязкова будзем ладзіць у музеі пад акампанемент гэтага інструмента.
Наталля ТУР.
Фота www.liveinternet.ru