З заняткаў — на сцэну
Студэнты БДУКМ рыхтуюць мюзікл
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў задумаў зрабіць сур’ёзны музычны праект. Выбралі мюзікл па рамане Аляксандра Пушкіна «Дуброўскі». І не выпадкова. Днямі адбыўся кастынг. У журы быў заўважаны вядомы расійскі кампазітар і прадзюсар Кім Брэйтбург. Гэта і нядзіўна. Ён добры сябар Ірыны Дарафеевай, якая з’яўляецца загадчыцай кафедры ўніверсітэта.
— Мы даўно супрацоўнічаем з Кімам Брэйтбургам, — гаворыць спявачка. — Ён прапаноўвае шмат цікавых праектаў, але гэта пастаноўка — мая ініцыятыва. Бо галоўная ўмова мюзікла — яго ўдзельні-камі павінны стаць нашы студэнты, прычым не толькі вакалісты, але і танцоры. Яны будуць выступаць у суправаджэнні жывога аркестра.
Чаму выбралі менавіта «Дуброўскага»? Таму, што твор Пушкіна мае беларускія «карані», дакладней, правобраз галоўнага героя — наш тагачасны зямляк па прозвішчы Астроўскі.
Ірына Дарафеева вельмі разлічвае на дапамогу калег з іншых кафедраў і іх таленавітых выхавальнікаў. Але не выключана, што кагосьці прыйдзецца запрасіць з боку. Сама спявачка не плануе ўдзельнічаць у праекце ў якасці выканаўцы. Галоўным рэжысёрам будзе заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Мікалай Андросаў, які ўжо ставіў у Беларусі мюзікл «Блакітная камея», дзе, дарэчы, спявала і Дарафеева.
— Мы не шукаем ніякай камерцыйнай выгады, — гаворыць Ірына. — Гэта, хутчэй, вучэбны праект. Але ён выйдзе за дзверы ўніверсітэта. Зараз шукаем пляцоўку, дзе ён будзе ісці некалькі гадоў.
Хто стане выканаўцамі галоўных роляў, пакуль не вызначана. Па словах педагога, шукаюць харызматычных маладых людзей. Спяваць умеюць многія, а вось «трымаць» публіку да-дзена не ўсім.