Спявае, плача і смяецца
У руках сусветна вядомага Максіма Вянгерава ўпершыню ў Мінску загучыць легендарная скрыпка Страдывары
Заключным акордам 8-га Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета, які на працягу дзесяці дзён праходзіў у беларускай сталіцы і ператварыў яе ў сцэнічную пляцоўку для самых праслаўленых музыкантаў, стане сённяшні сольны канцэрт аднаго з самых вядомых у свеце скрыпачоў Максіма Вянгерава.
У Мінску маэстра выступіць упершыню. У яго руках ажыве і загучыць знакамітая скрыпка «Крэйцэр» Антоніа Страдывары, якой ужо амаль тры стагоддзі. Унікальны інструмент быў зроблены славутым майстрам у 1727-м і ў свой час належаў легендарнаму французскаму скрыпачу Рудольфу Крэйцэру, гэта яму вялікі Бетховен прысвяціў свой знакамі-ты твор «Крэйцэрава саната».
Каштоўную скрыпку маэстра пашчасціла набыць на аўкцыёне «Крысці» ў 1998 годзе, і з таго часу яны неразлучныя. «Гэта мая другая музычная палова, мая другая жонка», — сказаў у адным са сваіх інтэрв’ю Максім Вянгераў.
Геніяльны скрыпач-віртуоз карыстаецца вялікім поспехам. Ён гастралюе па ўсім свеце, іграе з лепшымі аркестрамі, пад кіраўніцтвам лепшых дырыжораў. Яго канцэрты нязменна становяцца падзеяй. «Такія музыканты нараджаюцца раз у сто гадоў», — захоплена пішуць пра яго крытыкі.
Ацаніць дасканаласць выканання Максіма Вянгерава, адчуць запал, які выпраменьвае яго скрыпка, сёння змогуць і айчынныя гледачы. Усе два аддзяленні сольнага канцэрта на сцэне Вялікай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі маэстра будзе іграць разам з вядомым беларускім піяністам, лаўрэатам міжнародных конкурсаў, выпускніком Вышэйшай школы музыкі Кёльна, аспірантуры Каралеўскай акадэміі музыкі Лондана Расціславам Крымерам. У праграме — вядомыя рамантычныя мініяцюры і шэдэўры сусветнай класічнай музыкі.
Нагадаем, Міжнародны фестываль Юрыя Башмета ўпершыню адбыўся ў Мінску ў 2006 годзе і праводзіцца пад патранатам Прэзідэнта Беларусі. Удзельнікамі музычнага форуму штогод становяцца выдатныя артысты сучаснасці з розных краін свету. Дзякуючы фестывалю ў маладых таленавітых музыкантаў з’яўляецца магчымасць выступіць на адной сцэне з сусветна вядомымі выканаўцамі. Аўтарам ідэі фестывалю і яго мастацкім кіраўніком стаў знакаміты беларускі піяніст Расціслаў Крымер. Ганаровым сустаршынёй арганізацыйнага камітэта форуму з’яўляецца сусветна вядомы расійскі альтыст і дырыжор, народны артыст СССР, лаўрэат дзяржаўных прэмій Юрый Башмет.