Генадзь Бураўкін: У Міністэрстве культуры больш людзей, якім няма чаго рабіць

Источник материала:  
03.10.2013 09:39 — Новости Культуры

Чаму ў ліку першых у Беларуcі скарачаюць работнікаў культуры і ці спрыяе гэта выратаванню айчыннай эканомікі?

Не там чыноўнікі шукаюць грошы

Паэт Генадзь Бураўкін, каментуючы рашэнне Мінкульта, выказвае разуменне, што ў дзяржавы не хапае грошай.

- Набліжаецца сур'ёзнае фінансава-эканамічнае пагаршэнне. Чыноўнікі гэта замоўчваюць, але яно адчуваецца. Толькі мне здаецца: не там яны шукаюць грошы. Ды й гэтыя грошы не такія вялікія, каб паправіць бюджэт, - адзначае паэт.

Ён прапаноўвае пачынаць сур'ёзнае скарачэнне не з музейных работнікаў і выкладчыкаў, а з саміх чыноўнікаў.

- Трэба вельмі моцна скарачаць сілавыя структуры, армію - там, на мой погляд, мнагавата людзей, якія залішне многа ад дзяржавы бяруць і малавата ёй аддаюць, - прапаноўвае Генадзь Бураўкін.

Ініцыятыву Мінкульта паэт лічыць схавана ці адкрыта накіраванай супраць нацыянальнай культуры, супраць беларушчыны.

Згодна рашэнню калегіі Міністэрства культуры № 189 ад 25 верасня 2013 года, Інстытуту беларускай культуры прапануецца скараціць 30% супрацоўнікаў, Літаратурным музеям Янкі Купалы і Якуба Коласа - па 25% супрацоўнікаў, Нацыянальнаму мастацкаму музею - 5%. Астатнім падначаленым Мінкульту ўстановам (за выключэннем прафесарска-выкдадчыцкага складу) - на 20%.

- Я ведаю, як працуюць музеі Янкі Купалы, Якуба Коласа, дык там няма лішніх работнікаў. Я б не сказаў, што там многа людзей, якім няма чаго рабіць. Мне здаецца, што ў Міністэрстве культуры больш людзей такога кшталту, чым вось у гэтых культурных установах, - гаворыць Генадзь Бураўкін.

Паэт прагназуе, што будуць скарачацца даследванні творчасці Купалы і Коласа, экспазіцыі. Людзі (і свае, і прыезжыя) будуць усё менш і менш ведаць пра кульутру і духоўныя здабыткі беларусаў.

- Вось пра гэта трэба спярша думаць, а потым пра нейкія бюракратычныя рашэнні ці скарачэнні штатаў, ці эканомію сродкаў, - рэзюмуе Генадзь Бураўкін.

Культура ўладам замінае

- Скарачаюцца музейныя супрацоўнікі, нізавое звяно культурных супрацоўнікаў. То бок, усе тыя, хто гэтую самую культуру і нясе. І калі кажуць, што гэта не тычыцца прафесароў і вышэйшага эшалону выкладчыкаў, то мяне цікавіць, а ці тычыцца гэта ніжэйшага эшалону: проста выкладчыкаў таксама будуць скарачаць? - задаецца пытаннем культуролаг Максім Жбанкоў.

Ён лічыць, што за рашэннем Міністэрства культуры стаіць справа аптымізацыі дзяржаўнага апарату, у тым ліку і тых дзяржслужачых, якія маюць дачыненне да культуры.

- Штука ў тым, што ёсць розныя сістэмы прыярытэтаў. Напрыклад, цяжка зараз было б пачуць пра скарачэнне АМАПу ці нейкіх вайсковых частак, праўда? А вось культура скарачаецца лёгка. І мне падаецца, гэты факт адлюстроўвае, што культура для сучаснай сістэмы не з'ўляецца прыярытэтнай, - лічыць эксперт. - Больш за тое, яе карыснасць выглядае сумнеўна.

У свой час у школцы быў курс гісторыі сусветнай культуры, і яго паспяхова адмянілі, нагадвае Максім Жбанкоў.

- Ніхто не заўважыў, а на вуліцы ўсё больш манкуртаў, усё больш людзей з пустымі вачыма і без адпаведнага уцямнага стаўлення і да краіны, і да нацыі. Я думаю, што культура замінае, бо сапраўдная культура вучыць задаваць нязручныя пытанні. Сапраўдная культура - гэта не проста музеі і выставы, гэта яшчэ і культура сумневу. Напэўна, у дадзенай сітуацыі яна выглядае проста залішняй, - канстатуе культуролаг.

Не падпадаюць пад скарачэнне, згодна рашэнню чыноўнікаў, Нацыянальны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі і Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Па аптымістычных ацэнках Сусветнага банка, лішнімі лічацца каля 10% работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў. Яшчэ колькі месяцаў таму чыноўнікі даводзілі, што хаця і разумеюць праблему залішняй занятасці, але ў дзяржавы няма грошай, каб пераадукоўваць звольненых беларусаў ды выплочваць дапамогу. Аднак нядаўна пачаліся размовы пра тое, што пасля рэканструкцыі некаторых буйных прадпрыемстваў такая колькасць работнікаў будзе непатрэбная.

←Умер писатель Том Клэнси - мастер технотриллера

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика