«Сляды апосталаў» у Мінску
Новы беларускі прыгодніцкі фільм выйшаў у сталічны кінапракат
«Сляды апосталаў» — сумесная праца «Беларусьфільма», «Першай кінавідэакампаніі» і ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал».
Поўнаметражная карціна зманціравана з чатырох частак знятага раней аднайменнага серыяла, які беларускім тэле¬гледачам яшчэ прапануюць убачыць на канале АНТ. Дарэчы, у Расіі яго ўжо паказалі, і прэм’ера, кажуць, атрымалася даволі рэйтынгавай. Па колькасці гледачоў тэлеканал «Россия», які трансліраваў серыял, абышоў і НТБ, і «Первый». Як асабліва падкрэслівае аўтар ідэі і прадзюсар карціны Віктар Лабковіч, за час існавання незалежнай Беларусі ўпершыню зняты фільм за беларускія грошы, з беларускімі акцёрамі, з беларускім рэжысёрам і беларускай творчай групай. Дарэчы, права запуску ў кінавытворчасць праект «Сляды апосталаў» атрымаў дзякуючы перамозе ў Першым адкрытым рэспубліканскім конкурсе, які праводзіла Міністэрства культуры.
Дзеянне карціны развіваецца ў Берліне перыяду Трэцяга рэйха, акупаваным Нясвіжы і ў Нясвіжы нашых дзён. На гэтым гістарычным фоне разгортваюцца захапляльныя падзеі па пошуку сямейнай рэліквіі роду Радзівілаў — залатых статуй дванаццаці святых апосталаў.
Фільм зняў беларускі рэжысёр Сяргей Талыбаў, які ўжо даволі працяглы час і не без поспеху працуе над серыяламі ў Расіі і ва Украіне.
— «Сляды апосталаў» — вострасюжэтная прыгодніцкая карціна, у якой ваенны час і нашы дні аб’ядноўвае легенда, гісторыя пра залатых апосталаў. Тое, што яны былі, ведаюць усе. Куды зніклі — дасюль застаецца таямніцай. У фільме мы прапануем літаратурную версію падзей і не сцвярджаем, што ўсё было менавіта так. Звышзадача складалася ў тым, каб данесці да гледача: пакуль гэтыя апосталы знаходзяцца ў нашай зямлі, яны, як анёлы-ахоўнікі, яе абараняюць, — распавёў рэжысёр.
У карціне занятыя толькі айчынныя артысты, што было прынцыповым рашэннем яе аўтараў. Варта адзначыць, што са сваёй задачай акцёры справіліся бліскуча, на экране створаны цэлы шэраг цікавых і запамінальных вобразаў.
Жыхары і госці Мінска змогуць ацаніць поўнаметражную версію фільма па 18 верасня. Чакаецца, што ўслед за прэм’ерай у сталіцы «Сляды апосталаў» адправяцца ва ўсе кінатэатры краіны.
На здымку: кадр з карціны.