«Ну, цяпер мы ажылі. Гэта ж якая нагрузка была – пятнаццаць ручных доек...»
«Дзякуй першай настаўніцы Вользе Іванаўне!»
Напэўна, нельга перадаць словамі тое, што тварылася ў душы Венедзікта Казарэвіча пасля такога нечаканага падарунка. Ён па-гаспадарску, яшчэ ў фае Дома Саветаў, агледзеў навінку і даў вышэйшую ацэнку:
— Ну, цяпер мы ажылі!.. — і пасля паўзы патлумачыў. — Гэта ж для жонкі, Антаніны Уладзіміраўны, якая нагрузка была. Здаецца, па тры разы на дзень падаі ўручную: тры ды на пяць, атрымліваецца пятнаццаць доек. У нашы пенсіённыя гады даволі адчувальна. А цяпер можна і аб большым малочным статку падумаць!
Як выявілася потым, даенне кароў было сапраўды самым вузкім месцам у падсобнай гаспадарцы Казарэвічаў. Шэсць гектараў зямлі цалкам хапае, каб забяспечыць рагуль кармамі. Скасіць траву, згрэбці і нават зрулоніць сена заўсёды дапамагае тэхнікай начальнік участка «Вялікае Сяло» Вячаслаў Пярхальскі, дэпутат раённага Савета, вельмі ўважлівы, добразычлівы да патрэб людзей чалавек. Да таго ж у самога Казарэвіча ёсць міні-трактар, але ён, звычайна, задзейнічаны на дробных работах.
Не было праблемы і тады, калі выпала неабходнасць замяніць карову. Звярнуўся ў ААТ «Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс», і яго дырэктар Аляксандр Варона адразу ж вырашыў пытанне.
Маглі б, як бывае месцамі, узнікнуць цяжкасці з радоўкай. Паспрабуй адбыць таму ж Казарэвічу пяць дзён запар за пяць кароў. Амаль цэлы тыдзень. Аднак і тут абышлося. Вясковы статак выпасваюць пастаянныя пастухі. Плата за адну карову — усяго 60 тысяч у месяц. Улічваючы, што Венедзікт за продаж малака дзяржаве атрымлівае да 6 мільёнаў рублёў у месяц, — гэта дробязь.
Увогуле ж, калі зайшла размова аб прыбытку, то рагаты статак здорава дапамагае жыць:
— Нам бы, канечне, хапіла і пенсіі, — разважае Казарэвіч. — Я атрымліваю больш двух мільёнаў, жонка таксама каля гэтага. Але ж і лішні рубель не перашкаджае. Ёсць магчымасць трохі дапамагчы і дзецям з унукамі.
Венедзікт Казарэвіч сам з Вялікага Сяла. Да пенсіі працаваў у мясцовай гаспадарцы механізатрам, вадзіцелем і не шкадуе, што лёс склаўся менавіта так. Што нікуды не паехаў, а застаўся ў роднай вёсцы.
А ўдзячны ён за гэта сваёй першай настаўніцы Вользе Зуй:
— Вольга Іванаўна вучыла нас у пачатковых класах, — прыгадвае ён. — У самае сэрца клаліся яе словы, што нічога няма даражэй роднай зямлі. Яна і прыгалубіць, і абдорыць, і ў бядзе падтрымае. У восем год я ўжо зарабіў першыя два працадні за падбор каласкоў на полі...
І нічога няма дзіўнага ў тым, што па шляху бацькі пайшлі і дзеці. Сын Аляксандр таксама не здрадзіў малой радзіме — стаў будаўніком. А вось дачка Вольга набыла спецыяльнасць заатэхніка-селекцыянера, жыве ў аграгарадку Навасельцы і таксама гадуе кароў у падсобнай гаспадарцы. Ажно двух!
Яе дачка Аня пойдзе сёлета ў першы клас. Улічваючы занятасць дачкі і тое, што дзяўчынку ў школу трэба вазіць у Шаркаўшчыну, дзед забірае ўнучку да сябе. Школа ад яго дома ў Вялікім Сяле ўсяго за паўсотні метраў. Ну а сырадой паспрыяе здароўю ўнучкі!
«МалТрансЭкспрэс» шыбуе на хутар
Усё малако з падсобных гаспадарак ў Шаркаўшчынскім раёне збіраюць індывідуальныя прадпрымальнікі і прыватнае ганд- лёвае ўнітарнае прадпрыемства «МалТрансЭкспрэс». Аб апошняй і расказ яе дырэктара Віктара Шарыпы:
— Сам я родам з Шаркаўшчыны. Закончыў мінскі энергетычны тэхнікум. Працаваў інспектарам дзяржнагляду ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, а таксама ў раённых электрасетках. Потым, тры гады таму назад, у мяне ўзнікла думка заняцца прадпрымальніцтвам, менавіта зборам малака ў насельніцтва. І не аднаму, а ўтварыць фірму. Гэтай задумкай падзяліўся са старшынёй райсавета Уладзімірам Шпяцом. Ён мяне падтрымаў:
— Давай, паспрабуй!
Напачатку ў мяне было толькі дзве машыны і першым вадзіцелем стаў мой сусед Пётр Аляхновіч. Пачынаў я з Більдзюжскага сельскага Савета. Далей — болей. Уключыў ў сваю зону абслугоўвання Валожынскі, Германавіцкі і Станіславоўскі сельскія Саветы свайго раёна, а таксама Ахрэмаўскі і Плюскі — Браслаўскага.
Цяпер прадпрыемства мае 10 аўтамабіляў: 6 заняты штодзённа на зборы малака і 4 — у гаражах, на падстрахоўцы. Калі якая машына выйдзе са строю, то на яе замену тут жа выйдзе спраўная. Больш таго, мы выручаем сваім транспартам і індывідуальных прадпрымальнікаў, калі ў іх узнікаюць праблемы.
У штаце фірмы — 11 чалавек. Акрамя вадзіцеляў, ёсць яшчэ бухгалтар, механік, лабарант.
Аб лабараторыі трэба расказаць больш падрабязна. Яна мае ўсе неабходныя прыборы для праверкі малака. Гэта «Экамілк» і «Лактан». Цяпер набываем яшчэ адзін, «Фермер», бо аналізаў даводзіцца рабіць вельмі шмат. Напрыклад, на тлустасць малака мы бяром кожныя 10 дзён не толькі ў абед, але і раніцой. Выдаём вынікі за 4 гадзіны. У дзень паступае да сотні званкоў ад здатчыкаў. Людзі цікавяцца і працуюць над якасцю малака, якое мы здаём вышэйшым гатункам. У нашай камп’ютарнай базе ёсць усе малаказдатчыкі, а іх амаль пад тысячу.
Адна машына за дзень робіць максімальны круг у 300 кіламетраў, мінімальны — 140. Збіраем малако, у адрозненні ад іншых, двойчы ў дзень — раніцою і ў абед. Дабіраемся да самых аддаленых вёсак і хутароў, дзе ёсць хаця б адзін малаказдатчык. Магу назваць такіх: Яўген Марозаў з вёскі Чарнічкі, Іосіф Заблоцкі з Краснага, Галіна Пятрашка з Барка і шмат іншых. Для нас рэйсы гэтыя стратныя. Бывае, як у вёску Чуйкі, адхіленне ад асноўнага маршруту ажно сем кіламетраў. І гэта, каб забраць малако ад адной каровы. Болей спалім гаручага, чым заробім. Але іначай нельга. Мы зацікаўлены, каб людзі трымалі больш кароў і здавалі болей малака. Разлічваемся мы за яго сваечасова, кожную дзесяцідзёнку. Адзіная праблема — раздаць грошы. Для гэтага ўкараняем плацёжныя пласцікавыя карткі. Моладзь ідзе на гэта ахвотна, а вось старэйшаму пакаленню, асабліва бабулям, падавай толькі наяўныя. Мы ідзём насустрач здатчыкам і выконваем ўсе іх пажаданні.
У заключэнне хацелася б падзякаваць кіраўніцтву раёна, дарожным службам, што ў належным парадку падтрымліваюць дарогі. Ці б мы даехалі зімой да кожнага хутара, калі б не расчышчалі іх ад снегу?...
Казарэвічу «дыхаюць» у спіну
Трэба па справядлівасці сказаць, што Шаркаўшчынскі раён у «эстафеце» па электрадаілках стаў зусім невыпадкова. Тут удзяляецца не проста вялікая, а паўсядзённая ўвага падсобным гаспадаркам. І калі дзе-нідзе ківаюць, што, маўляў, насельніцтва старэе, жывёлу трымаць адмаўляецца, а моладзь не жадае абцяжарваць сябе клопатамі, то тут на такія заявы глядзяць скептычна. Чаго толькі каштуе раённы конкурс сярод маладых сем’яў, якія маюць падсобныя гаспадаркі. У конкурсе ўдзельнічаюць звыш сотні пачынаючых гаспадароў. Кожны дзясяты атрымлівае ў падарунак «жывы прыз» — цяля.
У падсобных гаспадарках налічваецца 1822 каровы. Як паведаў старшыня райсавета Уладзімір Шпец, створаны ўсе ўмовы для ўтрымання жывёлы.
Па-першае, выпасы. Яны выдзяляюцца асобна. Кожную вясну падкормліваюцца мінеральнымі ўгнаеннямі, летам — падкошваюцца. На кожны выпас дастаўляецца ў бочцы вада.
Па-другое, сама пасьба. Акрамя таго, што на кожны гурт выдзелены электрапастухі, ёсць і пастаянныя людзі, як і на грамадскім статку, якія займаюцца доглядам жывёлы. Яны атрымліваюць зарплату, сацыяльна абаронены.
Зняты ўсе праблемы, па словах старшыні райсавета, і з назапашваннем кармоў для жывёлы на зімоўку. Усім дадзены добрыя сенакосы, выдзяляецца неабходная тэхніка для ўборкі траў.
І, нарэшце, закуп малака. Больш няма ніякіх калёс, як было раней. Усё на сябе ўзялі індывідуальныя прадпрымальнікі і прадпрыемства «МалТрансЭкспрэс».
А таму радуюць і вынікі. У 2012 годзе ў раёне на карову закуплена 3932 кілаграмы малака. Плюс да папярэдняга года — ажно 732 кілаграмы. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у вобласці.
Уладзімір Шпец удзячны кіраўніцтву ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат», асабіста яго генеральнаму дырэктару Валерыю Дулінскаму, за набытую электрадаілку для падсобнай гаспадаркі Венедзікта Казарэвіча.
Для больш поўнай інфармацыі дададзім, што ў Венедзікта на атрыманне апарата былі і сур’ёзныя канкурэнты. Святлана Шчабол з вёскі Юзэфова таго ж Германавіцкага сельскага Савета ад чатырох кароў прадала летась 22680 кілаграмаў малака, а Ірына Морхат з Лужкоў Лужкоўскага сельскага Савета — 22286 кілаграмаў ад трох кароў. У апошняй надой ад каровы склаў 7428 кілаграмаў!
Будзем спадзявацца, што гэтыя малаказдатчыкі, а таксама ў іншых раёнах, у недалёкай будучыні абавязкова атрымаюць электрадаілкі.
Уладзімір САУЛІЧ, «БН»
Фота аўтара