Ад Баркулабаўскага летапісу да «Сугучча сэрцаў»

Источник материала:  
ТАК павялося, што гонар стаць сталіцай Дня беларускага пісьменства горад павінен заслужыць. Заслужыць шматвекавым існаваннем, багатай гістарычнай і культурнай спадчынай, самабытнасцю, знакамітымі, творчымі, таленавітымі людзьмі, якія жылі і працавалі тут раней, і тымі, хто жыве і працуе зараз. Быхаву ў гэтым плане пашчасціла. Ён — адзін з найбольш старажытных гарадоў Беларусі. Датай яго заснавання лічыцца 1370 год. Але даследаваныя археолагамі селішчы, гарадзішчы і курганы на тэрыторыі раёна датуюцца нават другім тысячагоддзем да нашай эры. Росквіт горада пачаўся з 1590 года, калі яго ўладальнік Ян Караль Хадкевіч, гетман Вялікага Княства Літоўскага, атрымаў ад караля грамату на будаўніцтва тут каменных замкавых умацаванняў. З тых самых часоў Быхаўскі замак не аднойчы выратоўваў горад і служыў яму добрую службу, бо быў амаль непрыступным. І таму гісторыя і культура Быхаўшчыны непарыўна звязаны з замкам і баявымі дзеяннямі, якія вяліся вакол яго.

Жахлівыя легенды

У гады руска-польскай вайны сярэдзіны XVII стагоддзя за ўладанне Быхавым неаднойчы змагаліся абодва ваюючыя бакі. З тых часоў нават пайшла па свеце жахлівая легенда пра казацкага атамана-пярэваратня Івана Залатарэнку. Жорсткі атаман не шкадаваў ні старых, ні малых. Ягоныя казакі секлі людзей, палілі і рабавалі вёскі, здзекваліся з жанчын. Многа хто жадаў смерці крываваму атаману, аднак забіць яго было немагчыма. Казалі, што ён самы сапраўдны пярэварацень. І тады быхаўскія святары адлілі з царкоўных прылад сярэбраную кулю, замовілі яе і даручылі разабрацца са злыднем мясцоваму арганісту. Ён стрэліў са званніцы і трапіў прама ў сэрца атаману.

Праўда, гісторыкі сцвярджаюць, што было ўсё не зусім так. Быццам арганіст са стрэльбай абыходзіцца добра не ўмеў, таму трапіў, зусім выпадкова, Залатарэнку ў нагу, і той загінуў, сцёкшы крывёю. Аднак у любым выпадку містычныя падзеі пасля гібелі атамана не скончыліся. Хаваючы Залатарэнку на радзіме, сваякі хацелі адпець яго ў царкве. Аднак цела яго раптам ахапіла полымя. Неўзабаве агонь перакінуўся на царкоўную падлогу, пачалася мітусня, і ў выніку згарэла каля тысячы чалавек, якія сабраліся ў той час у храме.

Не менш жахлівая легенда тычыцца і будаўніцтва Быхаўскага замка. Быццам спачатку справа ніяк не ладзілася, зямля пад фундаментам асядала, сцены рушыліся, і тады будаўнікі вырашылі прынесці ахвяру. Яны адправілі ў горад хадакоў, якім наказалі весці да замка першага сустрэчнага мужчыну. Тыя хуткім часам сустрэлі юнака. Але за ім увязалася і дзяўчына. Так іх разам жывымі пад фундаментам і пахавалі. І з таго моманту, кажуць, больш праблем з будаўніцтвам не ўзнікала.

Што тычыцца нядаўняга часу, замак паступова разбураўся: адбітак накладваў і час, і чалавечая неасцярожнасць: ужо ў наш час тут адбыўся пажар, які сапсаваў і без таго аварыйны будынак.

Аднак сітуацыя пачала мяняцца. Замак кансервуецца, а дзве вежы побач з ім неўзабаве будуць адрэстаўраваны. Мясцовыя ўлады спадзяюцца, што знойдзецца інвестар, які паспрыяе далейшай рэстаўрацыі гэтага гістарычнага помніка.

Вёска Грудзінаўка і браняносец «Потемкин»

Калі ўсе легенды і паданні пра Быхаўскі замак нехта можа назваць казкамі для дарослых, ёсць у гісторыі горада факты, з якімі паспрачацца складана.

Напрыклад, у чэрвені 1706 года па дарозе ў Пецярбург на дняпроўскай прыстані спыняўся Пётр І. Гісторыкі кажуць, быццам для таго, каб дамовіцца з камендантам крэпасці Сініцкім пра саюз супраць Швецыі.

Дамова адбылася, але праз нейкі час Сініцкі вырашыў згуляць на баку шведаў. Ён зрабіў Быхаў сваім галоўным апорным пунктам. А паколькі, акрамя здрады, камендант быў вінаваты і ў рабаванні армейскай казны, Петр І не пашкадаваў сіл і войскаў, каб горад зноў апынуўся ў аблозе. Сініцкі не змог утрымаць абарону, і здаў горад. Пасля гэтага тут сем гадоў стаяў рускі гарнізон, а калі ён пакідаў горад, былі ўзарваны ўсе бастыёны і сапсаваны брамы.

У часы Айчыннай вайны 1812 года ў двух кіламетрах ад Быхава знаходзіўся штаб рускай арміі князя Баграціёна. Каля вёскі Новы Быхаў яго войскі фарсіравалі Днепр, накіроўваючыся пад Смаленск, каб аб’яднацца з першай рускай арміяй.

Баграціён адступаў, і невядома як бы ўсё павярнулася для яго арміі, каб не адна хітрасць. Каб увесці праціўніка, маршала Даву, ў зман, генерал загадаў аднаму з сваіх карпусоў умацоўваць пазіцыі непадалёк ад французаў, ля вёскі Дашкоўка. Другі корпус быў накіраваны па левым беразе Дняпра ў бок Магілёва. Гэта павінна было ўпэўніць французскае камандаванне ў тым, што рускія плануюць узнавіць атаку на Магілёў з усходу і поўдня.

Між тым асноўныя сілы былі сканцэнтраваны каля вёскі Сапежынка, дзе будаваўся мост для пераправы праз раку.

Калі французы спахапіліся, было ўжо позна нешта распачынаць. Баграціён тады пісаў свайму сябру генералу Ярмолаву: «Ледзь выблытаўся з пекла. Дурні самі выпусцілі мяне».

Не абмінулі Быхаў узрушэнні і ў мінулым стагоддзі. Аляксандр Мазураў з вёскі Грудзінаўка Быхаўскага раёна быў удзель- нікам паўстання на браняносцы “Потемкин”. А матросы Іоў Бурдалаў і Трафім Рудкоўскі, а таксама артылерыйскі унтэр-афіцэр Яўген Калееў, якія нарадзіліся на Быхаўшчыне, у час падзей 1917 года служылі на крэйсеры «Аврора».

У тым жа 1917 годзе, восенню, у будынку жаночай гімназіі, былым жаночым манастыры, ў Быхаве трымалі за кратамі генералаў царскай арміі — Карнілава, Дзянікіна, Маркава і іншых, якіх арыштавалі яшчэ па загаду Часовага ўрада. Хаця кратамі гэта не назавеш — у межах будынка арыштаваныя карысталіся поўнай свабодай. Яны збіраліся разам, размаўлялі, сустракаліся з жонкамі і нявестамі, якія кватаравалі ў Быхаве. Нявеста генерала Дзянікіна Ксенія нават прыносіла мужчынам гарэлку, хаця гэта было і забаронена.

Як пасля ўспамінаў быхаўскі краязнавец Данііл Абрамовіч, які ў тыя часы заканчваў гімназію, каб забяспечыць генералаў свежым малаком, для іх спецыяльна трымалі кароў і пасвілі на выгане за Дняпром. Там жа разміналіся салдаты і афіцэры цекінскага палка: на скаку секлі шаблямі лазу.

Менавіта ў Быхаве генералы распрацавалі і ажыццявілі план уцёкаў. Прадбачачы крах Часовага ўрада і немінучы самасуд, быхаўскія вязні прадумалі план дзеянняў. Дон і казацтва здаваліся ім адзіным прытулкам, адкуль можна змагацца з анархіяй, што набліжалася.

Для ўцёкаў падрыхтавалі зброю і фальшывыя дакументы. Карнілаў вырашыў ісці разам з верным яму цекінскім палком. Яму было б прасцей і бяспечней, змяніўшы свой знешні выгляд, рухацца аднаму. Але ён вырашыў, што не можа пакінуць верных яму салдат і афіцэраў.

Астатнія генералы — Дзянікін, Лукомскі, Раманоўскі і Маркаў — пераапрануліся і, дамовіўшыся сустрэцца на Доне, раз’ехаліся. Раманоўскі замяніў генеральскія пагоны на прапаршчыка. Маркаў стаў радавым. Лукомскі пераўтварыўся ў нямецкага каланіста, а Дзянікін атрымаў пасведчанне, што ён памочнік загадчыка перавязачнага польскага атрада Аляксандр Дамброўскі.

«Назаўтра на ўсіх чыгуначных станцыях з’явіліся вялізныя аб’явы пра ўцёкі. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт заклікаў да нашага затрымання і арышту. У поездзе, запоўненым салдатамі, патрулі некалькі разоў дасканала правяралі паперы пасажыраў. І кожны раз мая рука сціскала ў кішэні рэвальвер. Каб не быць выпадкова апазнаным, я забраўся на верхнюю паліцу, і, павярнуўшыся тварам да сцяны, рабіў выгляд, што сплю. Гэта здалося акружаючым падазроным, і ўнізе загаварылі: «Паўдня ляжыць, морды не кажа. Можа, сам Керанскі?» Нехта тузануў мяне за рукаў, я павярнуўся і звесіў галаву ўніз. Хутчэй за ўсё, падабенства не было ніякага. Салдаты засмяяліся і за турбаванне пачаставалі мяне гарбатай», — узгадваў пасля ў сваёй кнізе «Нарысы рускай смуты» Антон Дзянікін.

Жыццё — за біяграфію Леніна

Цесна з рэвалюцыяй, а дакладна — з правадыром сусветнага пралетарыяту, звязаны трагічны лёс яшчэ аднаго славутага быхаўчаніна — Івана Баранкевіча, які нарадзіўся ў вёсцы Трасцівец. Яшчэ ў 1904—1905 гадах ён уваходзіў у Быхаўскую арганізацыю РСДРП. А пасля рэвалюцыі ў Петраградзе займаўся выдавецтвам агітацыйнай беларускай літаратуры, перакладаў на рускую мову Коласа і іншых беларускіх пісьменнікаў, сам займаўся творчасцю. Аднак вядомым ён стаў не сваімі мастацкімі творамі ці перакладамі, а дзякуючы напісанай ім біяграфіі Леніна, якая, дарэчы, адыграла ў яго лёсе фатальную ролю.

У савецкія часы лічылася, што першы ў беларускай літаратуры твор пра Леніна з’явіўся ў 1924 годзе — гэта была паэма Змітрака Бядулі «Чырвона-чорная жалоба». Між тым першым беларускім аўтарам, які напісаў пра Леніна, быў менавіта Іван Баранкевіч, які яшчэ ў 1919 годзе пад псеўданімам «Белорусс» выдаў у Петраградзе 82-старонкавую брашуру “Н. Ленин” — адну з першых біяграфій правадыра сусветнага пралетарыяту.

Спытаецеся, чаму Н. Ленін? Як сцвярджаюць гісторыкі, да 1917 года Ленін падпісваўся менавіта так, што было звязана з яго канспіратыўным імем — Мікалай.

Аднак вядомасць, якую прынесла Баранкевічу яго праца над біяграфіяй Леніна, была далёка не станоўчай. Напісаная ў 1919 годзе біяграфія не магла адпавядаць ідэалогіі дваццатых гадоў. Тым больш  у трыццатыя яна ўжо лічылася крамольнай.

Неаднойчы ў ёй узгадваюцца імёны Троцкага, Мартава, Зіноўева, ды не ў якасці ворагаў народа, а як рэвалюцыянераў, паплечнікаў Леніна. Далей — больш. Ніводнага слова ў ёй не знойдзеш пра «правадыра народаў» Сталіна. Акрамя таго, у біяграфіі гаварылася і пра сувязь Леніна з нямецкай разведкай, і пра ролю нямецкіх грошай ў Кастрычніцкай рэвалюцыі, і пра тэрор савецкай улады пасля замаху на Леніна ў 1918 годзе — на час напісання біяграфіі ўсе гэтыя факты былі агульнадаступнымі, але праз некалькі год маглі стаць вялікай праблемай для іх аўтара. І, дарэчы, сталі.

Пачынаючы з 1923 года Баранкевіча некалькі разоў арыштоўвалі, аднойчы нават прысудзілі да расстрэлу. Але потым замянілі прысуд на высылку. Пасля вызвалення жыў з сям’ёй у далёкім Мурманску. Але знайшлі яго і там, і ў 1939 зноў арыштавалі. Іван Міхайлавіч аб’яўляў галадоўку, каб звярнуць увагу на сваю невінаватасць, аднак дабіўся толькі таго, што на пэўны час яго змясцілі ў псіхіятрычную клініку. А пасля адправілі «па этапу» ў Карагандзінскі выпраўленча-працоўны лагер, адзін з найбуйнейшых у сістэме ГУЛАГ. Там і скончыўся жыццёвы шлях беларускага пісьменніка і перакладчыка Івана Баранкевіча: «Акт. 1942 г. Июня 27-го дня. Лагпункт 16 отд. Мы, нижеподписавшиеся, дежурный по лагерю Семенов, медсестра Суржикова, комендант Медведев составили настоящий акт в том, что труп умершего 26 июня 1942 г. з/к Баранкевич И. М. 54 лет погребен сего числа в кладбище л/пункта. Труп опущен в яму 1,5 метр глубиною, 1 метр шириною, 2 метра длиною головой на восток, у могилы поставлен столб с надписью № 24в.»

Першыя спробы реабілітаваць Баранкевіча адбыліся адразу пасля ХХ з’езда КПСС. Беларускім вучоным патрэбны быў пісьменнік, ревалюцыйны дзеяч, біёграф Леніна. Аднак працы яго ўсё яшчэ не адпавядалі ідэалогіі краіны. І толькі ў 1982 годзе ў сувязі з юбілеем Коласа як перакладчык твораў беларускага класіка Баранкевіч быў рэабілітаваны.

Юлія БАЛЬШАКОВА, «БН»

Фота Сяргея ЛАЗЮКА, «БН», і з архіваў Быхаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

←Костюковичское райпо открыло дискобар

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика