Ад Баркулабаўскага летапісу да “Сугучча сэрцаў”
Візітоўка дваццатага Дня беларускага пісьменства – фестываль былых сталіц свята
Будучая сталіца Дня беларускага пісьменства сустрэла дружнай працай: здавалася, увесь горад выйшаў на вуліцы, каб месці, бяліць, фарбаваць, саджаць кветкі… Больш за 100 аб’ектаў інфраструктуры адрамантавана і добраўпарадкавана да свята, а значыць, некаму трэба стварыць прыгажосць вакол іх. За гэтую справу і ўзяліся гараджане, працоўныя калектывы, якія разам выйшлі на суботнік.
За апошнія месяцы горад пераўтвараўся і аднаўляўся літаральна на вачах: рэканструяваліся старыя будынкі, з’яўляліся новыя аб’екты. У новым сучасным абліччы ў дзень свята прадстане перад жыхарамі і гасцямі Быхава раённы цэнтр культуры і тэрыторыя вакол яго. Адчыніць свае дзверы ў Дзень беларускага пісьменства адрамантаваны кінатэатр «Радзіма», дарэчы, хуткім часам споўніцца сто гадоў з моманту, як у Быхаве з’явіўся першы кінатэатр.
Адноўлены не толькі ўстановы культуры, але і спорту: пасля капітальнага рамонту атрымаў новае жыццё фізкультурна-аздараўленчы цэнтр з плавальным басейнам. Адрамантаваны таксама будынкі чыгуначнага і аўтавакзалаў, прывакзальная плошча набыла сучасны выгляд.
На ўездзе ў горад фасады дамоў сустракаюць гасцей незвычайнымі роспісамі: постаць Яна Караля Хадкевіча, па загаду якога і быў пабудаваны Быхаўскі замак, а таксама Льва Сапегі, аднаго з уладальнікаў замка.
У самым цэнтры горада — іншыя выявы: адзін з фасадаў упрыгожвае малюнак з мінулага Быхава, сцяну насупраць — погляд у будучыню, якой яе ўяўляюць быхаўчане: з адрэстаўрыраванымі помнікамі архітэктуры і шматпавярховымі новабудоўлямі на другім плане.
Гэтую прыгажосць стварае магілёўская мастачка Аксана Красніцкая. Акрылавыя фарбы, пакрытыя пасля спецыяльным лакам, дазволяць захаваць карціны на сценах да 50 гадоў, сцвярджае яна.
Быхаўчанам iдэя прыйшлася даспадобы.
— Гэта і добрае ўпрыгожанне горада, і адначасова павага да яго старажытнага мінулага. Моладзь, гледзячы на постаці гістарычных асоб, мімаволі, без прымусу будзе датыкацца да сваіх каранёў, вытокаў. Чым не выхаваўчы момант? — разважае мясцовая жыхарка Вольга Мулярчык.
У сумесных планах мясцовых улад і мастачкі — упрыгожыць такім чынам пяць фасадаў дамоў і адну арку на прывакзальнай плошчы.
— Як вядома, Дзень беларускага пісьменства традыцыйна праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах Беларусі. Якую спадчыну ў гэтым сэнсе мае Быхаў? — пытаюся ў намесніка старшыні Быхаўскага райвыканкама Нэллы Шунькінай.
— Сапраўды, Быхаў у якасці сталіцы Дня беларускага пісьменства быў прапанаваны нездарма. Менавіта з быхаўскай зямлёй звязана гісторыя стварэння аднаго з самых значных помнікаў беларускага летапісання пачатку ХVII стагоддзя — Баркулабаўскага летапісу, у якім змешчаны адмысловыя звесткі пра Усходнюю Беларусь у перыяд з 1545-га па 1608 год, найбольшую каштоўнасць у летапісу прадстаўляюць звесткі пра паўсядзённае жыццё простых жыхароў Беларусі.
Менавіта тут, на Быхаўшчыне, пэўны час жылі і вялі сваю асветніцкую дзейнасць вядомыя вучоныя, царкоўныя і грамадскія дзеячы XVII стагоддзя Мілецій Сматрыцкі і Лаўрэнцій Зізаній. «Граматыка» Сматрыцкага і «Азбука» Зізанія мелі вялікае значэнне для духоўнага і культурнага жыцця тагачаснай Беларусі.
З быхаўскай зямлёй звязаны жыццё і творчасць шматлікіх вядомых пісьменнікаў, паэтаў, літаратуразнаўцаў: доктара філалагічных навук, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа Міхаіла Мушынскага; пісьменніка і перакладчыка, аўтара адной з першых прыжыццёвых біяграфій Леніна Івана Баранкевіча; паэта, празаіка, крытыка і літаратуразнаўца, старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхася Пазнякова; публіцыста, пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, кандыдата гістарычных навук, доктара філалагічных навук, прафесара, аднаго з заснавальнікаў тэорыі сучаснай айчыннай журналістыкі Барыса Стральцова; празаіка, паэта, драматурга Васіля Ткачова.
На тэрыторыі горада і раёна змешчаны шэраг гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Сярод іх — помнік архітэктуры ХVII стагоддзя Быхаўскі замак, сінагога, Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль, Спаса-Узнясенскі жаночы манастыр у аграгарадку Баркалабава, з якім звязана гісторыя адной з самых вядомых беларускіх праваслаўных святынь — цудадзейнай іконы Божай Маці Баркалабаўскай.
— Чым плануеце здзівіць жыхароў і гасцей горада ў час свята? Чым нам запомніцца Дзень беларускага пісьменства-2013?
— Акрамя традыцыйных святочных момантаў, такіх, напрыклад, як Рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» з Благадатным агнём ад гроба Гасподняга, навукова-практычныя канферэнцыі і канцэртныя праграмы, узнагароджанне пісьменнікаў — пераможцаў Рэспубліканскога конкурсу на лепшы літаратурны твор, мы прыўнясём у сёлетні Дзень беларускага пісьменства і шмат свайго, адметнага.
Адна з нашых знаходак — у юбілейны год свята сабраць на быхаўскай зямлі ўсе гарады — былыя сталіцы Дня беларускага пісьменства. Пры гэтым іх дэлегацыі стануць не звычайнымі гасцямі, а непасрэднымі ўдзельнікамі розных мерапрыемстваў. Па-першае, імі будзе закладзена алея гарадоў — сталіц свята, па-другое, кожны з іх прывязе сваё падвор’е для самапрэзентацыі і выставы-продажу, а таксама канцэртныя нумары, з якімі яны возьмуць удзел у вялікім канцэрце на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы свята.
Таксама ў час свята будзе адкрыты помнік Баркулабаўскаму летапісу ў выглядзе разгорнутай кнігі. Дарэчы, у конкурсе на яго стварэнне перамаглі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. На прывакзальнай плошчы гасцей “прывітае” скульптурная кампазіцыя «Сустрэча» — выява юнака і дзяўчыны з кнігай. На будынку раённага цэнтра культуры з’явіцца памятная дошка, якая ўшануе памяць славутага земляка-быхаўчаніна, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Стральцова. Акрамя таго, яго імем будзе названа Цэнтральная раённая бібліятэка.
Спецыяльна да Дня беларускага пісьменства Магілёўскім аблвыканкамам і Быхаўскім райвыканкамам пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Беларусі перавыдадзены Баркулабаўскі летапіс, які суправаджаецца навукова-даследчым нарысам пра гісторыю таго часу і значэнне летапісу ў культурным і літаратурным жыцці Беларусі. Прэзентацыя кнігі адбудзецца падчас навукова-практычнай канферэнцыі «Быхаўскія чытанні».
А ў адрэстаўрыраваных спецыяльна да свята вежах Быхаўскага замка раённы гісторыка-краязнаўчы музей прадставіць некаторыя са сваіх экспазіцый.
Пісьменнікі з васьмі краін свету возьмуць удзел у пасяджэнні міжнароднага “круглага стала” «Сугучча: мова і літаратура ў кантэксце гісторыка-культурнай спадчыны». Аўтары з Беларусі, Расіі, Украіны, Азербайджана, Таджыкістана, Казахстана, Літвы і Сербіі прэзентуюць сумесны выдавецкі праект «Сугучча сэрцаў» — гэта адзінаццаць кніг, створаных пісьменнікамі краін СНД.
Канешне, расказваць можна яшчэ і яшчэ. Шмат чаго цікавага чакае жыхароў Быхава і гасцей свята падчас правядзення Дня беларускага пісьменства. Але лепей адзін раз убачыць. Таму няхай для тых, хто прыедзе ў першыя дні верасня ў Быхаў, некаторыя знаходкі стануць прыемным сюрпрызам…
Юлія БАЛЬШАКОВА, Сяргей ЛАЗЮК, спец. карэспандэнты «БН»