Пад знакам Хрышчэння Русі

Источник материала:  
VI МІЖНАРОДНЫ фестываль «Мотальскія прысмакі», які ў мінулыя выхадныя прайшоў на Іванаўшчыне, сабраў шмат гасцей з розных куточкаў Беларусі, а таксама з блізкага і далёкага замежжа. Святочнае дзейства пачалося са службы ў адноўленай Спаса-Праабражэнскай царкве аграгарадка Моталь. Такі сцэнарый фестывалю яго арганізатарамі быў выбраны не выпадкова: сёлета «Мотальскія прысмакі» прайшлі пад знакам 1025-годдзя Хрышчэння Русі.

Храм у Моталі быў узведзены ў 1888 годзе, нядаўна ў ім завершана рэстаўрацыя, і цяпер царква заззяла залатымі купаламі. Пасля благаславення, якое даў фестывалю архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан, на цэнтральнай плошчы аграгарадка пачалося ўзнагароджванне людзей, што ўнеслі важкі ўклад у аднаўленне мясцовай царквы. Дарэчы, толькі мясцовае насельніцтва на дабрачынную справу сабрала 300 мільёнаў рублёў, яшчэ паўтара мільярды рублёў пералічылі арганізацыі і прадпрыемствы.

Шмат наведвальнікаў сабрала выстава Мінскага Экзархата, а на вуліцах Моталя ўсіх жадаючых гасцінна запрашалі сялянскія падворкі, багатыя шынкі і лаўкі, выстаўкі старажытных народных касцюмаў, пляцоўкі музыкі і танцаў. Прыемны, непаўторны пах розных прысмакаў так і прыцягваў гасцей. Асабліва шматлюдна было ля выставы народнай кухні «Парады бабуль — майстэрства ўнукаў», уздельнікі якой прадставілі на суд гледачоў самыя разнастайныя вырабы і прадэманстравалі свае ўменні.

ААТ «Белсолад» адкрыла для наведвальнікаў старажытную карчму, у якой можна было прадэгуставаць піва і хлебны квас. У спякотны дзень такі сюрпрыз аказаўся вельмі зручным. І, вядома ж, галоўнае месца займалі мотальскія далікатэсы: бясконцыя прылаўкі з каўбасамі, кумпякамі, сасіскамі, садавінай і гароднінай, хлебабулачнымі вырабамі. Было ўсё і на ўсялякі густ. У наведвальнікаў фестывалю ад няпростага выбару разбягаліся вочы.

А на сцэнічных пляцоўках тым часам весялілі публіку калектывы мастацкай самадзейнасці. Як заўжды парадавалі яркімі нумарамі мясцовыя артысты. Цікава было і на выступленнях сталічных гасцей — ансамбляў «Лялькі-Карпарэйшн», «Славянскі стыль», «Гасцінец». Народныя ўмельцы давалі майстар-клас усім жадаючым. Дзяліліся вопытам вядомыя кулінары.

Цікавай адметнасцю фестывалю сталі экскурсіі па Іванаўскім раёне з наведваннем мясцовых музеяў і аграсядзіб. У Мотальскім музеі народнай творчасці адбылося адкрыццё філіяла археалогіі «Нашы карані».

Ад’язджаючы, госці загадвалі, чым маталяне паспрабуюць здзівіць іх на наступны год. Арганізатары фестывалю паабяцалі, што за гэтым справа не стане.

Аляксандр КУРЭЦ, «БН»

←Достояние нации

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика