Стаўка на рапс і малако
— Праўда, — лічыць Тадэвуш Зяновіч, — ужо ў бліжэйшай будучыні ўраджай зерневых разлічваем узяць 40 цэнтнераў з гектара, а надоі падняць да шасці тысяч кілаграмаў малака. Для гэтага ёсць усё: культура земляробства, высокапрадукцыйная жывёла і, галоўнае, моцны працалюбівы калектыў з вопытным кадравым саставам спецыялістаў.
Ён называе галоўнага заатэхніка Жану Шымко, галоўнага агранома Уладзіміра Пачкоўскага, начальніка аддзела кадраў Святлану Раманчук, якія даўно і плённа працуюць у гаспадарцы.
Перамогі атрыманы ўжо і сёлета: жывёлаводы новай малочна-таварнай фермы «Мосар» у сакавіку занялі першае месца ў раённым спаборніцтве па надоях малака, і земляробы сабралі самы высокі ў раёне ўраджай рапсу — звыш 22 цэнтнераў.
— Рапс, — працягвае гаворку Тадэвуш Зяновіч, — самая высокарэнтабельная культура. Азімага ў нас было пасеяна 310 гектараў. Атрымалі 700 тон насення. А гэта звыш двух мільярдаў рублёў выручкі. Рапсам павінны займацца яшчэ і таму, што мы — філіял камбікормавага завода, на якім з гэтага самага насення рапсу робяць раслінны алей. Хаця, шчыра кажучы, культура надта капрызная, ад надвор’я шмат залежыць. Былі пасевы на пачатку лета прыгожыя, густыя — суцэльны дыван. Але настала пякельная гарачыня — і на пагорках расліны «падг арэлі».
«Глядзелі, як за малым дзіцём»
У той жа дзень, а было гэта якраз у дваццатых чыслах ліпеня, мы пабывалі на полі каля вёскі Бацілоўшчыны, дзе вялася ўборка рапсу. Тут жа была і Іна Губская, начальнік вытворчага ўчастка «Шуневічы».
— Увесь азімы рапс гаспадаркі быў пасеяны на маім участку, — паведаміла яна. — Гэта таму, што тут вырошчвалі зялёны гарошак — лепшы папярэднік рапсу. Праўда, на ўвесь палетак не хапіла. Частку давялося сеяць там, дзе была пшаніца. Скажу шчыра, што глядзелі за гэтым рапсам, як за малым дзіцём. І гербіцыды супраць пустазелля ўнеслі, і падкармілі двойчы вясной.
Першы раз, адразу як снег сышоў, з выкарыстаннем агрэгата «Раса» вадкімі мінеральнымі ўгнаеннямі, а другі раз пазней — цвёрдымі. Нічога нельга ўпусціць. Шмат у гэтай расліны ворагаў. І самая страшная — кветкаед. Уявіце сабе, што яшчэ вечарам пасевы нармальныя, а назаўтра пад абед — ужо спустошаныя. Мошка выядае самы цэнтр кветкі — і ўраджай гіне. Нашы спецыялісты сочаць, каб не «прамаргаць» гэтую мошку, ды і механізатары таксама зорка стаяць на варце. Сёлета Станіслаў Вітко і Валянцін Касцюкевіч самі падказалі, калі пара брацца за хімабарону раслін.
Яшчэ адзін важны момант — рапс паспявае неаднародна, як бы ярусамі: зверху стручкі спелыя, а знізу яшчэ зялёныя. Пакуль будзеш чакаць паспявання апошніх, верхнія раскрыюцца, і насенне высыплецца на зямлю ці то ад ветру, ці то пры ўборцы. У гаспадарцы знайшлі метад, каб пазбегнуць страт: прымянілі спецыяльны сродак для склейвання стручкоў.
Шмат значыць для ўраджайнасці і своечасовая ўборка рапсу. У філіяле «За Радзіму» якраз справіліся да зацяжных дажджоў, спарадкавалі каштоўную культуру ўсяго за чатыры дні.
Намалот у камбайнераў Валянціна Гуменніка, Сяргея Сямашкі, Валянціна Касцюкевіча, Эдуарда Пятрагі, Міхаіла Кушнярэвіча асобнымі днямі даходзіў да паўсотні тон на камбайн.
Перавозку насення на трактары МТЗ-3022 з сямнаццацітонным прычэпам забяспечыў Віктар Дзямідка, пераможца раённага спаборніцтва на вясенняй пасяўной зерневых. У гэтыя дні ён сее азімы рапс для новага ўраджаю!
Рэкорды на новай ферме
Разам з галоўным заатэхнікам гаспадаркі Жаннай Шымко едзем на новую МТФ «Мосар». У гэтых месцах яшчэ зусім нядаўна вёў культурна-асветніцкую дзейнасць вядомы ўсёй краіне і за яе межамі Ёзас Булька. Па-ранейшаму на пляцоўцы насупраць царквы Святой Ганны стаяць экскурсійныя аўтобусы, легкавушкі, хоць чалавека самога, што тварыў тут прыгажосць як у наваколлі, так і ў душах лю- дзей, ужо няма. Аднак жыве яго добрая справа.
Цікавая біяграфія і ў Жанны. Прыехала яна яшчэ ў маладосці з Украіны ў Беларусь вучыцца, ды і засталася тут. Тры дзясяткі год у тутэйшай гаспадарцы. Палову з іх — галоўным заатэхнікам. Дабіваецца фенаменальных вынікаў. Ледзь не ўсё малако, да 90 працэнтаў, са звычайных фермаў у папярэднія гады здавала сортам «экстра». У дойным статку гаспадаркі 1154 каровы. Разбіты ён на 6 гуртоў. І ля кожнага Жанна пабывае хаця б раз у дзень. Летам яна часцей за ўсё карыстаецца для гэтага скутарам.
— І не горача, як у машыне, ды і гаручага бярэ зусім нічога, — тлумачыць яна.
Па дарозе Жанна расказвае, што пасля далучэння гаспадаркі да ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод» пад непасрэдным кіраўніцтвам дырэктара Валянціна Шчарбакова распачаты карэнная рэканструкцыя фермаў і стварэнне самых спрыяльных умоў для работы жывёлаводаў. Яна пералічвае аб’екты: Удзела, Пустакі, Папшычы, Міхальцы, Падгаі ну і, вядома, Мосар — пункт нашага падарожжа.
Ферма размясцілася адразу за вёскай. Выглядае як абсалютна новы аб’ект. Гэта пацвярджае і галоўны прараб будоўлі Васіль Шарабайка:
— Можа, частка сцен старых засталася — і ўсё. Тут і цэхі на 400 кароў зроблены, і даільная зала, і бытавыя пакоі для жывёлаводаў. Усяго аб’ект цягнуў на 39 мільярдаў рублёў, а мы ўклаліся ў дзесяць — усё рабілі гаспадарчым спосабам. У асобныя дні з камбікормавага завода прыязджала на будоўлю да паўсотні чалавек. Пачалі летась у маі, а ўжо ў снежні паставілі жывёлу.
Самую высокую ацэнку новабудоўлі дае аператар машыннага даення Анжаліка Ткачонак:
— Усе ўмовы для працы: і раздзявалкі ёсць, і душавыя, і пакой для адпачынку, і нават пральная машына. А паглядзіце, колькі кветак навокал! Гэта мы з Ірынай Загарынавай, Наталляй Лаўрыновіч, Галінай Дулінец і нашай загадчыцай фермы Наталляй Лапуновай саджалі.
Малады калектыў новай фермы ў сакавіку заняў першае месца ў раённым спаборніцтве.
Калі вярталіся назад, на палях ішла поўным ходам уборка зерневых. Прэсы за камбайнамі скручвалі салому ў рулоны.
Уладзімір САУЛІЧ, “БН”
Фота аўтара