“Не шукайце скарбы каля поля ці лесу, шукайце іх па берагах рэк”

Прадоўжым знаёмства з найцікавейшымі экспанатамі Вілейскага краязнаўчага музея. Сёння ад старшага навуковага супрацоўніка Вольгі Коласавай даведаемся пра сапраўдны скарб:
“На што абавязкова звяртаюць увагу нашы наведнікі – вось на гэты манетны скарб. Знойдзены ён у 1976 годзе каля Касцяневічаў. Там недалёка рака Сэрвач, прыток Віліі. Чаму я кажу: “Не шукайце скарбы каля поля ці лесу – там амаль не знойдзеце. Шукайце скарбы па берагах рэк”. Таму што рэкі раней былі асноўнымі гандлёвымі шляхамі. Сярод іх наша Вілія і яе прытокі. Невыпадкова гэты скарб знойдзены на беразе ракі Сэрвач.
У гэтым скарбе каля тысячы манет: грошы, соліды, трохграшовікі. Цікава, што тут знаходзіцца шмат фальшывых манет: ужо на той час былі кустары-фальшываманетчыкі, якія падраблялі грошы.
У скарбе ляжалі два срэбныя пярсцёнкі і дзве срэбныя манеты 16 стагоддзя. На іх упершыню выбіты вершнік з кап’ём – адкуль і пайшла назва капейка. У зале мы іх не бачым, таму што для гэтых экспанатаў патрабуюцца асаблівыя ўмовы экспанавання і захоўвання”.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.