КУЛЬТпошук. Юры Габрусь. З хіміка-арганіка ў арганісты

Источник материала:  
30.07.2013 20:15 — Новости Культуры

 

Пра беларускамоўнага арганіста Юрыя Габруся, які развівае свой унікальны талент у Швецыі, я чула на працягу некалькіх гадоў ад сяброў ды знаёмых. “Такога таленавітага музыку яшчэ пашукаць!” – менавіта такім чынам характарызавалі Габруся мае прыяцелі. Нядаўна Юры вярнуўся на радзіму, дзе дае арганныя канцэрты ды грае ў новаапостальскай царкве. Мы сустрэліся і пагаварылі пра пакручасты шлях музыкі да сваёй мары ды пра ролю дзяржавы ў арганных справах.

КУЛЬТпошук. Юры Габрусь. З хіміка-арганіка ў арганісты


Я выбраў балалайку

У Беларусі няма навучання аргану ў музычнай школе. Калі дзіцёнак захоча з маленства, з шасці гадоў, вучыцца граць на аргане, у яго папросту не будзе такой магчымасці. Таму, натуральна, і ў мяне такога досведу не было. Але я займаўся музыкай і, вядома, маю базавую музычную адукацыю.

Не думаю, што бацькі меркавалі, што я мушу стаць музыкантам. Ім сказалі, што ў мяне выдатны слых, таму яны і аддалі мяне вучыцца музыцы. Ёсць у нас сямейная легенда, маўляў, я навучыўся спяваць раней, чым размаўляць. І спяваў я 52 мелодыі на “ля-ля-ля” і тры оперныя арыі. Прынамсі, так гаворыць матуля…

Наагул з першапачатковай музычнай адукацыяй было як… Я вучыўся ў дзвюх музычных школах. Спярша, у дзіцячым садку яшчэ, калі мне было пяць гадоў, мяне залічылі ў клас фартэпіяна. Я пахадзіў туды колькі месяцаў, але там была такая суворая настаўніца, што я напалохаўся і сказаў: усё, больш не пайду. Але недзе праз год мяне зноў прымусілі да музычнай вучобы. Бацькі сказалі: будзеш хадзіць у музычную школу, выбірай інструмент. І тады выбраў… балалайку.

Раней было так, што калі ты вучыўся любому інструменту, у цябе былі дадатковыя абавязковыя заняткі фартэпіяна. Да таго ж, яшчэ калі мяне прынялі ў тую першую музычную школу, бацькі набылі піяніна, на якім я займаўся. Так што я не “нулявым” пачаў граць на арганах.

КУЛЬТпошук. Юры Габрусь. З хіміка-арганіка ў арганісты

На арганах жа я граю з 2003 года. Сёлета дзесяцігоддзе творчай дзейнасці! Да таго, як пачаў граць, я гадоў восем цікавіўся ўсім, што звязана з арганамі, шмат слухаў, чытаў – грунтоўна вывучаў, адным словам.

З хіміка-арганіка ў арганісты

Бацькі ніколі не ціснулі на мой выбар прафесіі. У мяне дзве вышэйшыя адукацыі. Першая – хімфак БДУ, а ўжо другая – музычная.

– Хімік-арганіст! – узрушана перапыняю я Юрыя.

– Больш за тое! Я хімік-арганік! – усміхаецца хлопец. – Вучыўся я выдатна, скончыў з дыпломам з адзнакай, мяне прынялі ў аспірантуру, дзе, аднак, не давучыўся, бо зразумеў, што напісанне дысертацыі і кар’ера хіміка-навукоўца мяне не цікавіць. Пасля я пайшоў працаваць у Акадэмію навук. Дарэчы, адышоў я ад навукі акурат тады, калі маё захапленне арганнай музыкай перайшло ў сур’ёзны занятак музыкай.

КУЛЬТпошук. Юры Габрусь. З хіміка-арганіка ў арганісты

А адбылося гэта так. На народзіны маёй маці яе знаёмы падарыў ёй кружэлку з арыяй эпохі барока, запісаную вядомай савецкай спявачкай Ірынай Архіпавай. Музыка была запісаная на знакамітых арганах Валькера Домскага сабора ў Рызе. На мяне гэта падзейнічала нібы гром сярод яснага неба. І ўсё… Гэтую кружэлку я слухаў цэлы год амаль штодня! Гэтыя юнацкія ўражанні засталіся ў памяці назаўжды. Тое, як гучыць арган на тых першых пласцінках, нейкія нюансы зараз памятаю лепей, чым запісы, што слухаў учора.

З арганамі звёў выпадак

Пачаў жа я ўласна граць на арганах праз амаль шчаслівую выпадковасць. Гэта адбылося праз знаёмства маёй маці Тамары Габрусь, вядомай даследчыцы сакральнай архітэктуры, з арганісткай Святленай Немагай, якая на той час грала ўсе галоўныя службы ў касцёле Роха. Недзе два гады я граў на арганах у гэтым касцёле. Амаль адначасна з гэтым я даведаўся, што ў той царкве, дзе я працую й зараз, таксама ёсць арган… Таму пэўны час ў мяне былі неверагодныя, шыкоўныя прывілеі – граць на двух інструментах адначасова.

КУЛЬТпошук. Юры Габрусь. З хіміка-арганіка ў арганісты

Калі я толькі пачынаў граць, то не ставіў сабе за мэту займацца гэтым прафесійна. Я думаў, што гэта застанецца маім хобі, што асабліва нічога не атрымаецца. Мяне літаральна зацягнуў да сябе на заняткі Уладзімір Неўдах, я два гады ў яго займаўся. А потым мой знаёмы, які таксама вучыўся ў Неўдаха, сказаў мне: “Прыязджай у Швецыю, ты тут лёгка паступіш!” Я паехаў, сапраўды паступіў у Акадэмію музыкі і тэатра на аддзяленне аргана і царкоўнай музыкі ў Гётэборгу. Гэта досыць вядомае месца сярод арганістаў, бо там вельмі высакаякасныя арганы і выдатныя выкладчыкі.

Я чакаў таталітарнага, дыктатарскага стылю навучання, але ўсё апынулася нашмат свабадней і ліберальней: ты можаш граць літаральна ўсё, што заўгодна (зразумела, калі сапраўды можаш!). Студэнт можа выбіраць праграму, нават экзаменацыйную, мае амаль неабмежаваную колькасць часу на заняткі за інструментамі! У Швецыі, аднак, студэнты больш лянівыя, чымся нашыя, бо залішняя свабода, мабыць, у пэўнай ступені разнявольвае. Таксама я вучыўся па абмене ў Брэмене ў Германіі – там іначай, больш строга, вучыцца складаней, чым у Швецыі.



Чаму Мінкульт не залічвае арганы ў помнікі культуры?

У Беларусі (прынамсі, так было да майго ад’езду) арганныя канцэрты – самыя касавыя сярод іншых канцэртаў класічнай музыкі. Асабліва калі імя арганіста замежнае: тады збіраецца поўная зала і ўсе сядзяць, ніхто не ходзіць, як бы, часам, кепска чалавек ні граў (смяецца). Нядаўна я граў у касцёле ў Паставах – з самага ранку збіраліся людзі, быў поўны касцёл! Людзям у пэўнай ступені цікавая арганная музыка. Гэта і зразумела: “фанеру” Тані Буланавай яны могуць паслухаць штодня, а арган ужывую рэдка пачуеш.

КУЛЬТпошук. Юры Габрусь. З хіміка-арганіка ў арганісты

Мінкульт мог бы весці працу па залічэнні арганаў у помнікі культуры, бо часта гэты інструмент супастаўляльны па кошце з будынкам, у якім ён знаходзіцца. Неабходна сачыць за станам інструмента. Часта прыязджаеш у касцёл, у якім быццам ёсць арган, а насамрэч яго няма, бо працуе толькі адзін рэгістр і гэтага дастаткова, каб спяваць касцёльныя песні. Таму бывае так, што пробашч які і не асабліва турбуецца на гэты конт.

Самыя старыя арганы у нас, мабыць, у Будславе. Але стан яго сапраўды жахлівы: гэта шафа з паедзенымі карозіяй трубамі і дэмантаванымі яшчэ ў 20-я гады мінулага стагоддзя педалямі. Яго трэба рэстаўраваць цалкам, але на гэта трэба, пэўна, вельмі шмат грошай. А хто будзе гэтым займацца – невядома.

Каб стаць добрым арганістам, трэба быць сапраўды апантаным чалавекам. Хаця гэта насамрэч тычыцца любога музыкі, на якім інструменце ён або яна ні гралі б. Але, на жаль, беларусам, каб авалодаць гэтым чароўным мастацтвам ва ўсёй дасканаласці, неабходна пакуль вучыцца за мяжой, на маё меркаванне.



Ася ПАПЛАЎСКАЯ

←Фотовыставка о визитах в Беларусь московских патриархов открылась в Минске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика