Каралеўская справа
Калі была нагода, позіркі ўсіх скіроўваліся ў напрамку Міколы Караля, бо ведалі: калі Мікола заспявае, дык нават салавейка мусіць прыпыніць свае спевы.
Таленавіты чалавек — ён таленавіты ва ўсім. Гэта поўнасцю тычыцца нашага калегі Міколы Караля. Трэба напісаць тэрмінова ў нумар артыкул? Няма праблемы. Мікола ўсё зробіць аператыўна і якасна, прычым напісана будзе на сакавітай, як кажуць, матчынай мове, якую журналіст Кароль ведае дасканала. А калі ёсць неабходнасць напісаць на рускай мове — дык і тут Кароль мастак сваёй справы. Мала хто з супрацоўнікаў ведае, што Мікола піша яшчэ і выдатныя вершы. А чаму ж не ведалі? Бо сціплы наш Мікола, нават занадта.
І кніжка «Дарога за небакрай», гутарка пра якую пойдзе далей, ужо чацвёртая па ліку. Каб зразумець паэта, журналіста, пісьменніка Караля, трэба, безумоўна, пазнаёміцца з яго творчасцю, што мы зараз і паспрабуем зрабіць, прачытаўшы вытрымку з яго верша, які так і называецца: «Дарога за небакрай»:
…Хацеў хутчэй прыйсці
пад небакрай,
Разлічваў пабываць
за небасхілам…
Ды шлях задоўжыўся,
нібы дарога ў рай,
І ў кожнай спробе неставала сілы.
І ў кожным разе
адыходзіў гарызонт,
І мэта непрыкметна адступала…
А з краю дальняга чакаемы азон
Пярун не нёс. Часіна не настала.
І вось ужо пяройдзен Рубікон,
Гады ў абзац злучылі
свае словы…
А ўвесь мой шлях —
усяго кароткі сон —
Не дзеліцца на часткі,
на паловы…
Згадзіцеся, шчымлівы верш, які трапна характарызуе хлопца-летуценніка, яго малады душэўны запал, нягледзячы на сталы ўзрост аўтара. Не ведаю, каму належыць вось такі трапны выраз: «На Уздзеншчыне з-за кожнага коміна выглядае паэт ці пісьменнік». Мікола Кароль сам родам з гэтых мясцін і ў сваіх творах часта звяртаецца да апісання мілых сэрцу краявідаў Бацькаўшчыны, сваёй малой радзімы:
Паклон б’ю Лошы — вёсцы, і рацэ,
І вадасховішчу з такой жа
назвай мілай…
Якім ні мерай прайскурантам
цэн,
Перацаніць іх аніхто не ў сілах.
Сабраў кут шчодры многіх.
Адсюль
У запаветны лог сышліся людзі,
Хто і ў зімовы грай, і ў летні
бляск красунь
Удзячнымі заўсёды будуць.
Тут іх радзіма, добрай сілы грунт,
Працай асвечаны і міг, і дзень,
і месяц,
А ў музыцы святой душэўных
струн
Агонь любові дабразычнай
свеціць…
У новай кніжцы аўтара змешчана шмат вершаў. Ёсць тут і лірычныя матывы, знайшлося месца і для грамадзянскай лірыкі, і для вершаў аб каханні. Калі іх усе прывесці, дык не хопіць газетнага месца. У гэтым разе, як кажуць, варта звярнуцца да першакрыніцы і набыць у кнігарні саму кніжку.
Час бяжыць няспынна і імкліва. На жаль, ужо не вярнуць той пары, «калі меў чуб кудлаты». І аўтар гэта добра разумее. Мабыць, невыпадкова з’явіліся вось гэтыя шчымліва-сумныя радкі:
Калі збірацца мушан буду
я за тую рысу,
Калі мой шлях упрэцца
ў жыццясхіл,
Я папрашу не кідаць спешна
ў прысак
Мною здабытае на ўздыме
лепшых сіл.
Калі ж дапнуць мяне
туды калёсы,
Дзе не спатрэбіцца ні сеяць,
ні капаць…
Я застануся тым хаця б
удзячны лёсу,
Што і мяне камусьці будзе
неставаць.
Калі развітваліся пасля чарговай сустрэчы, Мікалай Вікенцьевіч, працягнуўшы гэту кнігу з аўтографам, зазначыў: «Вось, трымай, мая апошняя кніжка».
Не, паважаны Мікола Кароль, ніякая гэта твая кніга не апошняя, а ўсяго чарговая. Чакаем новых твораў. Упэўнены, яны будуць не горшыя за тыя, якія ўжо пабачылі свет. І мы яшчэ паслухаем песні ў тваім выкананні. А салаўі хай маўчаць і адпачываюць…