У Вілейцы ушануюць памяць паэта Івана Лашуткі і сустрэнуцца з кампазітарам Леанідам Левашкевічам
Іван Лашутка.
У горадзе ўстановяць малую архітэктурную форму ў памяць пра паэта Івана Лашутку. Гэта будзе элемент дэкаратыўнай клумбы ў выглядзе пяра белага гусака.Прысвечана гэта падзея да 80-годдзя з дня нараджэння паэта і пройдзе ў межах праекта "Незабыўныя імёны Вілейшчыны”, паведаміла дырэктар Вілейскага цэнтра эстэтычнага выхавання пры аддзеле культуры Таццяна Захарыч. Іван Лашутка – аўтар трох зборнікаў вершаў, многія з яго твораў пакладзены на музыку.
Адкрыццё малой архітэктурнай формы адбудзецца 1 ліпеня ў 17.00. Яе установяць на вуліцы Камарова, каля дома, дзе жыў Іван Іосіфавіч.
Потым там жа распачнецца літаратурна-музычная прэзентацыя “Я вершу свой лес давяраю”, на ёй прагучаць вершы паэта і песні на яго словы ў выкананні мясцовых аўтараў. А працяг яе адбудзецца ў 18.30 у Палацы культуры. Вядучым мерапрыемства стане артыст Беларускага радыё Алег Вінярскі.
Пасля заканчэння літаратурна-музычнай прэзентацыі там жа адбудзецца сустрэча з кампазітарам Леанідам Левашкевічам у межах праекта “Славутыя землякі”. Гэта ўраджэнец вёскі Куранец, які жыве і працуе ў Санкт-Пецярбургу. На працягу шмат год узначальвае творчую садружнасць “Маэстра”, якую часам называюць “Віртуозы Пецярбурга”. Яна аб’ядноўвае не толькі расіян, але і большасць этнічных беларуса. У складзе яе вядомыя музыканты, кампазітары, мастакі, паэты. У выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў Андрэя Бараненкі прагучаць музычныя творы Леаніда Левашкевіча. Уваход вольны.
Усе гэтыя мерапрыемствы прымеркаваны да свята горада.
Аддзел інфармацыі.
Фота з архіву "РГ".